Пасля 34-х Сусветных дзён у Панаме дэлегацыя з Беларусі, якая прадстаўляла нашу краіну на гэтым сусветным форуме, мае зараз час на асэнсаванне і маленькі адпачынак. Перш чым вярнуцца дадому, у яе, аднак, ёсць магчымасць на знаёмства з маляўнічай панамскай зямлёй.
Ксёндз канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, дзеліцца сваімі думкамі, якія нарадзіліся пасля інтэнсіўных падзей двух тыдняў, якімі быў удзел у СДМ.
Такія сустрэчы патрэбныя
“Першая думка, якая нараджаецца ў сэрцы, – аб тым, што такія сустрэчы вельмі патрэбныя для моладзі. Калі сучаснае грамадства імкнецца да інтэграцыі, то гэтыя імкненні маюць больш віртуальны характар. Глабалізацыя і адначасова адкінутасць з ізаляцыяй не даюць доступу чалавеку да іншага чалавека.
Папа Францішак вельмі часта звяртаў увагу на пагрозу ізаляцыі веруючага чалавека ў адносінах да Бога і іншага чалавека. Бог заўсёды пасылае нас да іншых з жыццёвай місіяй дапамагаць перамагчы сучасную ізаляцыю.
У чарговы раз (гэта мой чацвёрты ўдзел у падобнай сустрэчы) пераконваюся, што Сусветныя дні моладзі – гэта час, калі трэба выйсці з ізаляцыі свайго сэрца. Не палохацца, што мяне нехта не зразумее, бо размаўляем на розных мовах і маем розны колер скуры, на зачыняцца ў сваіх поглядах на жыццё і вучыцца рабіць іх больш правільнымі і напоўненымі даверам да Хрыста і Марыі. Кожны ўдзельнік сустрэчы меў гэтую цудоўную магчымасць выйсці са сваёй духоўнай ізаляцыі”.
Лепшае пазнанне Касцёла
“Другая думка – аб тым, што кожныя Сусветныя дні моладзі – гэта час на пазнанне адметнасці і багацця паўсюднага Касцёла ў розных кутках свету. Папа Францішак нагадаў моладзі з іншых кантынентаў, што ў Панаме яна адчула багацце традыцыі Касцёла Лацінскай Амерыкі і ўзбярэжжа Карыбскага мора.
Панама мае сваю адметнасць і непаўторнасць. Іспанскія карані хрысціянства і мясцовая культура індзейцаў сёння вельмі пераплецены паміж сабой.
Прыгажосць велічных дамоў і ўзбярэжжа акіянаў вельмі хутка змяняецца правінцыяльнай забруджанасцю і ўбоствам. Чалавек пачынае лепш пазнаваць становішча сучаснага грамадства і цаніць тое, што Бог кожнаму дорыць”.
Спадарожнічанне Марыі
“Трэцяя думка пра тое, што культ Божай Маці і Яе заступніцтва адыгрываюць сваю вялікую ролю ў фарміраванні свядомасці і прыналежнасці да Хрыста ўсіх Яго вучняў.
Культ Маці Божай Старажытнай (di Antiqua) з прыгожай адноўленай катэдры Панама-Сіці і розныя выявы Божай Маці ў кожным каталіцкім касцёле Панамы з’яўляюцца доказам таго, што Хрыстовы Касцёл і далей фарміруецца ў промнях матчынай любові Марыі.
На заканчэнне цырымоніі Сусветных дзён моладзі вельмі вымоўным быў момант аддання пад апеку Божай Маці Папам Францішкам, які даверыў моладзь і сябе Яе матчынаму заступніцтву перад Хрыстом”
Удзячнасць Богу
“Чацвёртая думка – прa тое, што кожная плённа перажытая сустрэча нараджае ўдзячнасць Пану Богу за людзей, якія прымалі ў сваіх дамах удзельнікаў (каля 600 тысяч чалавек). За дар іх гасціннасці і цеплыні сэрцаў.
Дзякуй Богу за жыхароў Панамы з розных хрысціянскіх дэнамінацый, якія дзяліліся з намі сваёй хрысціянскай гасціннасцю і маліліся аб спакойным і плённым перажыванні ўдзельнікамі гэтай сустрэчы.
Таксама ў доказ плённасці сустрэчы, з удзячнасцю за людзей, нараджаецца жаданне ў чарговы раз дачакацца і прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, якія адбудуцца крыху больш чым праз тры гады ў Партугаліі”.
JM