28 студзеня пасля невялікага перапынку паміж сесіяй і вучобай навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне вярнуліся ў яе сцены, каб распачаць другую палову навучальнага года.
Вечарам распачаўся дзень засяроджання, які праводзіў канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі. З новага семестру ён будзе выкладаць у семінарыі ў Гродне кананічнае права. Галоўнай тэмай для разважання стала служэнне бліжнім у святарстве.
Засяроджанасць над Божым словам, цішыня, малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь паспрыялі аднаўленню духоўных сіл студэнтаў пасля канікул, сесіі, турботаў і адпачынку.
У плане дня семінарыстаў была таксама малітва брэвіярыя, Ружанец з разважаннямі і канферэнцыя.
Галоўным пунктам і завяршэннем дня засяроджання стала супольная Эўхарыстыя. З дапамогай тэксту Евангелля, які Касцёл прапанаваў у гэты дзень, семінарысты разважалі над тым, што значыць быць братам і вучнем Хрыста.
Узносячы малітвы Богу, семінарыйная супольнасць падзякавала кс. Дзмітрыю Пухальскаму за праведзены з ёю час. Таксама былі выказаны віншаванні эканому семінарыі кс. Валерыю Аброшку, які адзначаў свае імяніны.
Aндрэй Юхнік
Фота: Мікіта Барташэвіч