Skip to main content

У Гродне ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту

we remember 8Гродна далучыўся да сусветнай акцыі «Мы памятаем», якая праводзіцца ва ўсім свеце 27 студзеня, у Дзень памяці ахвяраў Халакосту.

Адзначыць памятную дату разам з прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны прыйшлі неабыякавыя гараджане і прадстаўнікі духавенства іншых канфесій. Каталіцкі Касцёл прадстаўляў кс. Андрэй Лішко, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Прадстаўнікі розных канфесій і грамадскіх аб’яднанняў разам запалілі шэсць свечак – сімвалічны напамін пра 6 мільёнаў яўрэяў, якія загінулі ў выніку фашысцкага генацыду ў Еўропе.

Урачысты рытуал суправаджаўся агульнай хвілінай маўчання. Пасля госці зрабілі сумеснае фота, трымаючы ў руках плакат з хештэгам We Remember, які выкарыстоўваюць у сацыяльных сектках у якасці публічнага маніфесту супраць нянавісці, якая распальваецца паміж рознымі дыяспарамі.

У час Другой сусветнай вайны з 29 тысяч гродзенскіх яўрэяў у жывых засталося каля 200 чалавек. Большая частка загінула ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў. Жыць пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў яўрэяў. Варта адзначыць, што з Гродна ў лагеры смерці траплялі не толькі яўрэі, але і палякі з беларусамі.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Яўген Калодзін