27 студзеня ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адкрылі Музей мініяцюр вядомых архітэктурных помнікаў Гродзенскага раёна.
У музейным пакоі “Нам засталася спадчына” прадстаўлены каля двух дзясяткаў паменшаных копій архітэктурных помнікаў рэгіёна – касцёлаў і цэркваў. Усе працы выкананы з керамікі майстрамі аграгарадка Верцялішкі каля Гродна.
Ва ўрачыстым адкрыцці музейнага пакоя прынялі ўдзел між іншым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, старшыня Аддзела культуры Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Рамановіч і старшыня Сапоцкінскага сельскага выканаўчага камітэта Лілія Шаматовіч.
У цэнтры экспазіцыі, як і на карце раёна – горад Гродна, які прадстаўлены макетамі Фарнага касцёла, Каложскай царквы ХІІ ст. і вядомай пажарнай каланчы.
Паменшанымі копіямі прадстаўлены і іншыя культавыя аб’екты рэгіёна: напрыклад, касцёл Унебаўзяцця Нацсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне, Троіцкі касцёл у Індуры, гістарычны драўляны касцёл у Прывалцы.
Прадстаўлены і палацавы комплекс Свяцк, які знаходзіцца недалёка ад Сапоцкіна і дзе зараз вядзецца рэканструкцыя.
Экскурсія па музейным пакоі прадуглежвае не проста знаёмства з тым ці іншым аб’ектам, яго гісторыяй, але і аповед пра мясцовасць, дзе размешчана святыня або палац, іншыя цікавыя месцы, вядомых людзей, звязаных з гэтай вёскай ці мястэчкам. Экспазіцыя не статычная, яна будзе папаўняцца новымі экспанатамі.
У планах – прадставіць страчаныя помнікі рэгіёна. У будучыні наведвальнікі музея падчас майстар-класаў змогуць самі стварыць макеты таго ці іншага будынка з кардону.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук