25 студзеня ўдзельнікі 34-х Сусветных дзён моладзі, якія праходзяць зараз у Панаме, распачалі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзі. Таксама яны выслухалі трэцюю і апошнюю канферэнцыю, у якой разважалася над дэвізам гэтага сусветнага форуму: “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”.
Споведзь, да якой прыступалі маладыя людзі, была добрай магчымасцю паяднацца з Богам і прыняць падчас гэтых дзён моладзі канкрэтныя пастановы, каб у жыцці заўсёды ісці шляхам Хрыстовага Евангелля, як рабіла гэта Найсвяцейшая Панна Марыя.
“Пятніца для хрысціян з’яўляецца асаблівым днём. Гэта дзень пакаяння і нагадвання сабе цаны Божай любові. Падчас гэтых дзён моладзі я ўсё больш прыгадвала, што споведзь патрэбна для мяне, а не для Бога. Гэта значыць стаць у праўдзе перад сабой і зірнуць на сябе без заслонаў і масак”, – адзначыла Елізавета Богуш, якая прадстаўляе на сусветным форуме нашу дыяцэзію.
Дзяўчына дадала, што дзякуючы гэтаму сакрамэнту разумееш, кім з’яўляешся і чым павінен кіравацца ў жыцці.
Дзень завяршыўся ўдзелам у набажэнстве Крыжовага шляху на ўзбярэжжы Чынта-Кастэра, якое ўзначаліў Папа Францішак. Падчас гэтага набажэнства крыж, які спадарожнічае ўдзельнікам СДМ і разам з імі пілігрымуе ў тыя краіны, дзе яны адбываюцца, ад стацыі да стацыі неслі юнакі і дзяўчаты, змяняючы адно аднаго. Малітвы і разважанні таксама прамаўляла сама моладзь.
У сваім слове Святы Айцец адзначыў, што часам і хрысціяне ўваходзяць у мадэль грамадства, якое ігнаруе цярпенне братоў з нячулай абыякавасцю. Папа падкрэсліў, што сённяшняе грамадства страціла здольнасць да плачу і ўзрушанасці перад цярпеннем, а Хрыстус працягвае несці крыж, у той час як абыякавы свет пагружаны ў драму сваёй бесклапотнасці.
Біскуп Юзаф Станеўскі, адказны за пастырства моладзі ў нашай краіне, які суправаджае дэлегацыю з Беларусі, паведаміў, што падчас Крыжовага шляху Папа заахвоціў моладзь, вучыцца ад Найсвяцейшай Панны Марыі стаяць ля крыжа, не з агорнутым у панцыр і зачыненым сэрцам, а з сэрцам, якое б ведала, што такое чуласць і самапрысвячэнне.
На заканчэнне Крыжовага шляху Святы Айцец папрасіў моладзь яшчэ пэўны час у цішыні і засяроджанасці паразважаць над ахвярнай Божай любоўю.
Kс. Юрый Марціновіч