Завяршыўся першы этап пілігрымавання дэлегацыі маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі – дыяцэзіяльныя дні моладзі, якія былі своеасаблівым уступам да сустрэчы са Святым Айцом Францішкам падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме.
Наша дэлегацыя на працягу тыдня гасціла ў дыяцэзіі Калона – Куна-Яла ў горадзе Калон у парафіі Св. Рыты на атлантычным беразе Панамскага канала. Моладзь пражывала ў мясцовых сем’ях, дзякуючы якім мела магчымасць пазнаць прыгажосць гэтай маляўнічай краіны, дакрануцца да мясцовай культуры і традыцый.
За гэты час нашы маладыя людзі здолелі адчуць там сябе ўтульна, знайсці агульную мову з жыхарамі і ўсталяваць сяброўства.
Разам са сваім багажом яны забяруць з сабой масу добрых успамінаў і хвілін, якія надоўга застануцца ў іх памяці. Доўга яны будуць памятаць адкрытасць і вялікую гасціннасць мясцовых жыхароў, якія, нягледзячы на свой сціплы стыль жыцця і беднасць, змаглі дзяліцца ўсім.
“Мой новы знаёмы, якога я тут набыла, сказаў, што яны даюць нам больш, чым маюць самі, і гэта сапраўды так. Дабрыня і адкрытае сэрца – тое, чым трэба кіравацца ў жыцці. І сем’і, якія нас прымалі, умела вучылі нас гэтаму”, – адзначае наша ўдзельніца Елізавета Богуш. Дзяўчына дадае, што будзе старацца таксама мець адкрытае сэрца і даваць больш, чым думае, што мае.
З дыяцэзіяльных дзён група маладых людзей з Беларусі забярэ цудоўныя мелодыі рэгіянальных песень і танцавальных рытмаў, якія ўсё яшчэ гучаць у іх вушах. Было сапраўды шмат часу на супольны спеў, танцы і прабыванне разам.
“Песні, якія выконваюцца на святой Імшы, тут вельмі палымяныя, так і хочацца пусціцца ў скокі! Як тлумачыла наша гаспадыня, такім чынам яны радуюцца, што Езус памёр і ўваскрос для іх збаўлення”, – кажа Алена Харольская.
Падчас дыяцэзіяльных дзён моладзі адбылася прэзентацыя кожнай краіны. Кожная прадставіла свой нацыянальны строй, танцы, песні. Беларусь таксама была на вышыні! Нашы прадстаўнікі падзяліліся тым, як перажываюць сваю веру, якая каталіцкая моладзь Беларусі і чым яна кіруецца ў жыцці.
Поўныя ўражанняў, маладыя людзі пакінулі гасцінную вёску Эль Піна i накіраваліся ў Панама-Сіці, дзе прымуць удзел у галоўных падзеях свайго пілігрымавання.
Kс. Юрый Марціновіч