20 студзеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў мячэць у Іўі, якая з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Прадстаўніка Папы суправаджаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гасцей сустрэў імам Адам Радэцкі, які запрасіў іх увайсці ў мячэць і пазнаёміў з гісторыяй супольнасці татар-мусульман ў Іўі і ў Беларусі. Імам адзначыў, што гэтая супольнасць заўсёды імкнулася да міру і згоды паміж усімі культурамі і рэлігіямі. Татары-мусульмане сваімі паводзінамі, верай і адносінамі да іншых людзей імкнуцца паказаць, што жадаюць, каб у свеце быў мір.
Падчас сустрэчы пробашч парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі кс. Ян Гавецкі адзначыў, што менавіта ў гэтым горадзе ўжо шмат гадоў пераплятаюцца культуры іўдзеяў, беларусаў, татараў, палякаў. Мір тут захоўваюць не толькі з дапамогай помніка верацярпімасці, талерантнасці і згоды іўеўчан розных веравызнанняў, які быў устаноўлены ў цэнтры горада ў 2012 г.
Іўеўская мячэць была пабудавана ў ХІХ ст. пры фінансавай падтрымцы графіні Замойскай, а ў ХХІ – капітальна адрамантавана вернікамі. Сам горад Іўе неафіцыйна лічыцца татарскай сталіцай Беларусі, бо менавіта ў ім жыве самая вялікая абшчына. Менавіта з гэтага населенага пункта ў нашай краіне распачынае сваю гісторыю татарская абшчына, у тыя часы, калі Вялікі князь Вітаўт пачаў рассяленне татар. Таму ўжо шэсць стагоддзяў маленькім астраўком трымаецца іслам сярод хрысціянскага свету.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі