13 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі і св. Францішка Асізскага ў Любліне (Польшча) вечныя манаскія абяцанні прынялі трое членаў Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, у тым ліку Аляксандр Дзіц, які паходзіць з парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат).
Законнікі рыхтаваліся да гэтага рашэння некалькі гадоў, праходзячы фармацыю спачатку ў пастулаце, потым навіцыяце, панавіцыяце і семінарыі, дзе ажыццяўляецца таксама іх фармацыя да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Манаская кансэкрацыя – знак поўнага аддання сябе на выключнае служэнне Богу, а праз гэта Касцёлу і людзям. Праз практыкаванне евангельскіх цнотаў – чыстасці, убоства і паслухмянасці – законнікі абавязаліся жыць заўсёды на ўзор Езуса Хрыста, ідучы слядамі свайго заснавальніка св. Францішка.
Чарговым этапам фармацыі з’яўляецца падрыхтоўка да прыняцця пасвячэння дыяканату.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Эміль Зеба, www.kapucyni.pl