6 студзеня ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле ўпершыню адбылося каляднае прадстаўленне, дзе акцёрамі былі дзеці з сямейнага душпастырства "OPEN Families". Спектакль пра Божае Нараджэнне ў выкананні хлопцаў і дзяўчат моцна ўсхваляваў гледачоў.
У прадстаўленні прымалі ўдзел дзеці ва ўзросце ад 8 месяцаў да 8 гадоў. Самы малодшы акцёр зайграў нованароджанага Езуса. Усе персанажы былі апрануты ў тэматычныя касцюмы. Маленькія каралі, пастушкі, анёлы і іншыя біблійныя героі чыталі вершы, спявалі калядныя песні, складалі свае падарункі Езусу, тым самым прыбліжаючы гледачам добрую навіну аб нараджэнні Збаўцы.
Акцёраў прыйшлі падтрымаць сталыя ўдзельнікі моладзевага душпастырства "OPEN". Кс. Антоні Грэмза, душпастыр супольнасці, адзначыў, што пастаноўка стала гістарычнай падзеяй, бо гэта было першае выступленне дзяцей, чые бацькі прыходзілі на сустрэчы "OPEN" і раней самі ўдзельнічалі ў калядным прадстаўленні. Святар быў моцна задаволены, што такім чынам бацькі перадаюць сваю веру наступным пакаленням.
Арганізатары і акцёры паабяцалі, што спектакль аб Божым нараджэнні стане добрай традыцыяй і штогод будзе станавіцца цікавейшым.
Ганна Паўловіч