Незабыўна цёплая сустрэча адбылася 8 студзеня ў г. п. Радунь, куды ў дзіцячы прытулак наведаліся ў чарговы раз навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з прэфектам кс. Андрэем Лішко.
Дзеці з нецярплівасцю чакалі прыезду семінарыстаў і падрыхтавалі для іх цудоўную тэатральную пастаноўку аб Божым Нараджэнні, каб падзяліцца з доўгачаканымі гасцямі той невымоўнай радасцю, якая напаўняе іх сэрцы ў гэтыя святочныя дні. Са свайго боку, семінарысты таксама спрабавалі зрабіць усё магчымае, каб выхаванцы дзіцячага прытулку адчулі бязмежную любоў Хрыста, тым самым нагадваючы, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя абставіны, можна заставацца добрымі, міласэрнымі і за ўсё дзякаваць Богу.
Спадзяёмся, што атмасфера, насычаная яркімі эмоцыямі і ўражаннямі, пакіне ў душы кожнага з прысутных незабыўны след, дапаможа зразумець міласэрнасць, любоў, бескарыслівасць у чалавечых узаемаадносінах і стане духоўнай падтрымкай у далейшым жыцці.
Яўген Амасёнак, семінарыст