Skip to main content

“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі правёў аплаткавую сустрэчу з удзельнікамі праекту “Дапамога дзецям”

carytas bn 6Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі арганізавала аплаткавую сустрэчу з удзельнікамі сумеснага з “Карытас-Прага” праекту “Дапамога дзецям”, мэта якога – падтрымка дзяцей з няпоўных, шматдзетных сем’яў, дзяцей-інвалідаў.

Належыць адзначыць, што большасць з іх з’яўляецца адначасова валанцёрамі і прымаюць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні дабрачынных акцый, накіраваных на дапамогу дзецям, хворым, людзям сталага ўзросту.

Калядную сустрэчу распачаў дырэктар РМ “ДКТ “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Роман Рачко, які прывітаў прысутных і падзякаваў за сумесную працу, а таксама паразважаў разам з моладдзю над словамі з Бібліі.

Падчас дзялення аплаткамі ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць звярнуцца адзін да аднаго з цёплымі словамі віншаванняў і пажаданняў. Каб бліжэй пазнаёміцца, дзяўчаты і хлопцы распавялі невялікія гісторыі пра сваё “жыццё” ў праекце: пра тое, як даўно яны ўдзельнічаюць у праекце “Карытас”, пра найбольш значныя падзеі за гэты час, гісторыі знаёмства са сваімі сем’ямі з Чэхіі.

Сумесныя сустрэчы з валанцёрамі не з’яўляюцца рэдкасцю. Моладзь з вялікай ахвотай далучаецца да дзейнасці “Карытас”, прапаноўваючы свае ідэі ў рэалізацыі дабрачынных акцый.

Ганна Гонекер