Шаноўныя браты і сёстры!
Мы перажываем сёння ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У асобах трох мудрацоў нованароджаны Збаўца аб’яўляецца ўсяму свету. Гэтае аб’яўленне адкрывае нам вельмі важную праўду хрысціянскай веры, а менавіта тое, што праз Езуса Храста збаўленне прыйшло да ўсіх людзей. На працягу стагодзяў гэта праўда застаецца нязменнаю. Такой яна застанецца да сканчэння свету. Аднак у розныя часы людзі па-рознаму ўспрымалі гэтую праўду. Па-рознаму акрэслівалі гэтую катэгорыю ўсіх. Для яўрэйскага народу складана было прыняць праўду аб тым, што збаўленне чалавека сягае па-за межы выбранага народу, з’яўляецца ўніверсальным, паўсюдным, у сваёй бязмежнасці ахоплівае таксама і язычніцкія народы. Для яўрэяў гата была катастрофа. Але менавіта гэта меў на ўвазе Бог, калі ў сваёй Другой Асобе прыняў дары мудрацоў. У гэты момант з’яўляецца першая запаведзь Новага Ізраэля дзяцей божых. Гэтую ж праўду Бог пацвярджае ў дзень пяцідзесятніцы, калі вялікі натоўп, слухаючы прамову св. Пятра, чуе яе ў розных мовах.
Сёння мы не патрабуем моваў, каб пераканацца, што Бог збавіў таксама язычнікаў. Сучасны хрысціянін успрымае гэту праўду як відавочную. Але ці так проста мы прымаем праўду аб паўсюднасці збаўлення? Тут можна паставіць вялікі знак запытання. Вельмі часта ў сучасным хрысціянстве са з’яўленнем паняцця Новага Ізраэля, якім мы з’яўляемся, нарадзілася і паняцце новага язычніцтва альбо тых “каму мы адмаўляем збаўлення”. Гэтых людзей мы акрэсліваем па-рознаму, найчасцей грэшнікамі, п’яніцамі, распуснікамі і г.д.. У кагосьці ў гэту катэгорыю трапляюць людзі іншай мовы, іншай нацыянальнасці, іншай канфесіі, іншага спосабу малітвы, іншага спосабу быцця хрысціянінам. Гэта найчасцей тыя, хто нам не падабаецца, з кім мы маем цяжкасці, хто інакш мяркуе і разважае. Выказваючыся пра іх востра альбо крытычна, мы часта забываем, што Бог таксама нарадзіўся і для іх, таксама за іх памёр і для іх збаўлення ўваскрос. Забываем, што гэта нашыя браты і сёстры пакліканныя ў той самай веры да збаўлення.
Пасланне ўрачыстасці Аб’яўлення Пана не страціла сваёй актуальнасці ў 21-ым стагодзі. Сучаснае хрысціянства сутыкаецца з падобнымі праблемамі. У асаблівы спосаб тады, калі яно становіцца прыстасаваным да патрэбаў не ўсяго чалавецтва, а пэўных груп альбо катэгорый веруючых. Непрыняцце другога чалавека такім, які ён ёсць, гэта тое, з чым мы павінны змагацца. Маленькае Дзіцятка Езус працягвае свае ручкі да кожнага чалавека добрай волі, незалежна ад колеру скуры, мовы альбо нават спосабу жыцця. А гэта значыць, што грэшнік таксама пакліканы да удзелу ў збаўленні. Умова адна, добрае сэрца, гатовае адказваць на любоў Бога. Гэта дзівосная праўда аб любові Бога да кожнага чалавека выдзяляе хрысціянства сярод іншых рэлігій. Гэта фундаметальная праўда нашай веры. Без прыняцця гэтай праўды мы не зразумеем Бога і яго пасланне да нас. Без любові да кожнага чалавека дарэмнымі будуць нашыя малітвы, ахвяры і ўчынкі міласэрнасці. Толькі пачуццё супольнага крочання да збаўлення, напоўніць нашыя сэрцы сапраўднай радасцю і спакоем.
Шаноўныя браты і сёстры, здавалася б гэта простыя справы і простыя праўды веры, аднак часам яны вельмі паволі пераходзяць з нашых вушэй у нашыя сэрцы. Мы няспынна патрабуем прыпамінання гэтых праўд. Патрабуем таксама тых людзей, якія з любоўю нам гэтыя праўды растлумачаць і перакажуць наступным пакаленням, а таксама заззяючы прыкладам жыцця у гэтых праўдах. Галоўную ролю ў абвяшчэнні Слова Божага ў нашым грамадстве выконваюць святары. І таму урачыстасць Аб’яўлення Пана кіруе нашу ўвагу таксама на Вышэйшую Духоўную Семінарыю, на месца, дзе рыхтуюцца да служэння новыя святары. У некаторых парафіях на Імшах прысутнічаюць семінарысты. Каб вестка аб божай любові да кожнага чалавека працягвала гучаць, мы павінны маліцца аб пакліканнях да святарства. Клопат пра пакліканні, гэта клопат пра нашу будучыню, клопат пра наступныя пакаленні, пра тое, чым яны будуць жыць і якую навуку будуць слухаць, клопат пра тое, якой будзе наша старасць. Выкарыстоўваючы гэтую нагоду, хацеў бы яшчэ раз ад імя усёй семінарыйнай супольнасці падзякаваць вам, дарагія браты і сёстры, за дабрыню вашых сэрц, у якой вы матэрыяльна падтрымліваеце справу пакліканняў і нашу семінарыю. Хацеў бы яшчэ раз упэўніць вас у нашай малітоўнай удзячнасці. Кожны дзень мы молімся за вас і ў вашых патрэбах. А таксама заклікаць да няспыннай малітвы аб новых пакліканнях з вашых парафій, гарадоў, вёсак, вуліц, сем’яў. Не бойцеся гэтага дару, калі ён выпадзе для вашых дзяцей, ён станецца для вас асаблівым благаслаўленнем. Прашу вас таксама аб малітве за семінарыстаў і выхавальнікаў духоўнай семінарыі, аб святле Духа Святога для кожнага згодна з яго станам і пакліканнем. Няхай добры Бог благаславіць вас.
З удзячнасцю
Кс. Віталь Вайцяхоўскі
рэктар
Ліст на польскай мове.