З 29 снежня па 1 студзеня ў Навагрудку прайшла сустрэча сем’яў Асацыяцыі Святой Сям’і пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Сустрэча стала ўжо дзявятай.
На ёй сабраўся 71 чалавек. Каб разам сустрэць Новы 2019 год, прыбылі сем’і з Гродна, Ліды, Навагрудка, Мінска. Самым маленькім удзельнікам было 10 месяцаў.
Асноўнай тэмай сустрэчы была малітва. Дарослыя ўдзельнікі працавалі ў парах. У праграме былі канферэнцыі, з якімі выступіў кс. Алег Шпець TChr, адарацыя, святая Імша.
“Мы як сёстры назарэтанкі вельмі рады, што сёння ёсць нашы хрысціянскія сем’і, якія хочуць і не баяцца прысвяціць час для Бога, не баяцца праводзіць стары і сустрэць Новы год як сапраўдныя хрысціяне”, – адзначае адна з арганізатараў сустрэчы с. Марыяна Алешчык CSFN.
У апошнія хвіліны старога года ўсе ўдзельнікі сабраліся ў капліцы на адарацыі. Яны дзякавалі Пану Богу за ўсе атрыманыя ад Яго дары і ласкі, прасілі прабачэння за страчаны час, дапушчаныя памылкі, а таксама прасілі Божага благаслаўлення на Новы год Панскі. Затым распачалася святая Імша. Сабраныя ўвайшлі ў Новы год на каленях.
Пасля пачалася карнавальная ноч. Карнавальная – бо па меры магчымасці ўсе яе ўдзельнікі стараюцца быць у касцюмах розных герояў. Традыцыйна яны разыгралі латарэю. Кожная сям’я павінна была выкупіць сабе падарунак – выканаць песню, станцаваць… Таксама ў гэтым годзе на сустрэчы аказалася шмат тэатральных артыстаў. Было некалькі смешных пастановак.
“Калі я азіраюся назад і ўзгадваю, як мы пачыналі такія сустрэчы, то бачу, як мы ўсе выраслі ў духоўным плане. Я думаю, што вельмі шмат духоўнага дабра мы бяром адзін ад аднаго, мы многаму вучымся, молімся, становімся больш блізкімі і роднымі”, – кажа с. Марыяна Алешчык CSFN.
Усе ўдзельнікі сустрэчы падкрэслівалі яе вельмі цёплую і сямейную атмасферу. “Для нас як для сясцёр назарэтанак няма лепшага кампліменту. Наша місія – гэта пашыраць валадарства Божай любові сярод сем’яў”, – дадае законніца.
Удзельнікі сустрэчы дзеляцца сваімі ўражаннямі:
Алена Зайцава, Ліда: “Калі я вярталася дадому, мяне распірала жаданне тэрмінова падзяліцца сваімі эмоцыямі з роднымі і блізкімі. Мне хацелася ўсім расказаць, што я сустрэла Новы год у кляштары і як крута гэта было. Вельмі хацелася, каб і яны хаця б раз у жыцці правялі і адчулі гэтае свята па-іншаму. Гэтыя тры дні былі напоўнены смехам, радасцю і велізарным спакоем, мы былі быццам адрэзаны ад штодзённай мітусні, што дало магчымасць пераасэнсаваць год, які заканчваецца.
Я яшчэ ніколі не сустракала Новы год у такой вялікай сям’і! Вельмі спадзяюся, што гэта толькі пачатак шляху з Назарэтам!”
Наталля Міцкевіч, Гродна: “Гэта было незвычайна, непрывычна, пазнавальна, гучна, весела… дазволіла адкрыць у сабе новыя таленты. Я, аказваецца, магу спяваць, танцаваць і нават сыграць у тэатральнай пастаноўцы (дзякуй Арцёму і Людзе за давер!). На канферэнцыі пачула адказы на пытанні, якія мяне турбуюць. А ў цэлым атрымала такі зарад любові, цеплыні і святла, што хочацца дзяліцца з усімі навокал. Дзякуй усім!”
Kс. Юрый Марціновіч