Напярэдадні свята Божага Нараджэння мы ўзгадваем з’яўленне анёлаў, якія прыходзяць з добрай весткай да простых людзей і пастухоў. Пастухі з радасцю ідуць у Бэтлеем і бачаць, як было прадказана: “Дзіця, спавітае і пакладзенае ў яслях”. Вяртаючыся, пастухі распавялі, як сказана ў Евангеллі, пра ўсё, што з імі здарылася, а “Марыя захоўвала гэтыя словы ў сваім сэрцы”.
Кожны год мы перажываем Нараджэнне Пана па-новаму. Сёлета актава Божага Нараджэння ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні была насычана шматлікімі падзеямі і мерапрыемствамі.
Святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння пачалося з традыцыйнай вігілійнай святой Імшы апоўначы – Пастэркі. Літургію ўпрыгожвалі спевы моладзі. Сваё слова ў гаміліі да вернікаў скіраваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB: “Божае Нараджэнне – гэта менавіта тое свята, калі ніхто не павінен быць адзінокім. Аплатка, якой мы дзелімся, сімвалізуе не толькі Бэтлеем – горад хлеба, не толькі чысціню Езуса Хрыста, але і ўзаемную любоў, спагаду, дабрыню”.
Пасля Імшы моладзь была запрошана на працяг святкавання ў араторыі св. Яна Боско для дзялення аплаткай. Святочная атмасфера, прасякнутая духам любові і добразычлівасці, спрыяла збліжэнню моладзі і супольнаму перажыванню таямніцы Нараджэння.
25 снежня вернікі, жыхары горада і госці былі запрошаны на калядны спектакль “Шлях надзеі”, дзе змаглі ўбачыць прыгожае выступленне дзяцей, моладзі і дарослых, насычанае танцамі, спевамі, Божым словам і разважаннем аб Божым Нараджэнні ў жыцці сучаснага чалавека. Пасля спектакля былі падведзены вынікі сямейнага конкурсу “Мама, тата, я – творчая сям’я” на лепшую бэтлеемскую стаенку. Працы ўсіх удзельнікаў вызначаліся рознабаковым і творчым падыходам і поглядам на стаенку маленькага Езуса. Кожная сям’я атрымала падарунак і салодкі пачастунак, а пераможцы – сертыфікат у сямейнае кафэ.
Сваёй радасцю ад сустрэчы з нованароджаным Хрыстом 26 снежня моладзь падзялілася, наведваючы дамы некаторых вернікаў парафіі падчас святочнага калядавання. Моладзь пад кіраўніцтвам с. Валянціны спевамі і каляднымі забавамі склала свае пажаданні з нагоды святаў.
Вечарам 27 снежня дзеці з дзіцячага хора “Вясёлыя ноткі” разам са сваімі бацькамі завіталі ў дом да сясцёр салезіянак, дзе іх чакала дзяленне аплаткай, а таксама шмат сюрпрызаў і перш за ўсё магчымасць больш пазнаёміцца сем’ямі паміж сабою і падзякаваць Богу за цудоўны 2018 год.
Вельмі важна дзяліцца Божай любоўю і радасцю ад прыйсця Езуса Хрыста з адзінокімі людзьмі, якім найбольш патрэбна нашая ўвага. Таму 28 снежня дзеці з Савіо-клуба разам з аніматарамі наведалі Сястрынскі дом апекі пры Цэнтральнай Смаргонскай бальніцы. Праз вершы, спевы і смачныя святочныя пернікі, якія самі выпякалі і ўпрыгожвалі, “савікі” падтрымалі людзей старэйшага пакалення і падзяліліся частачкай сваёй радасці. Пасля гэтага была магчымасць пакалядаваць пад вокнамі бальніцы, спяваючы калядкі для хворых.
29 снежня Ружанцовая група дзяцей са Смаргоні наведала мінскую парафію Св. Яна Хрысціцеля, дзе адбылася аплаткавая сустрэча з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Сустрэча распачалася святой Імшой, а затым усіх чакаў працяг у салезіянскім араторыі. Аніматары і моладзь падрыхтавалі святочную праграму, а затым дзяленне аплаткай з Мітрапалітам і ўсімі прысутнымі. Удзельнікі атрымалі пазітыўныя эмоцыі і сапраўдную радасць ад сустрэчы.
Вечарам 30 снежня араторый святога Яна Боско сабраў усю Салезіянскую сям’ю горада Смаргонь – SDB, FMA, ASC, ADMA і аніматараў – для агульнага дзялення аплаткай. Для прысутных рознага ўзросту моладзь падрыхтавала праграму з удзелам святога Мікалая. Сабраныя добра правялі час, спяваючы калядкі, прымаючы ўдзел у латарэі, а таксама, як адна вялікая сям’я, дзелячыся аплаткай і выказваючы адзін аднаму шчырыя пажаданні з нагоды Божага Нараджэння і Новага 2019 года.
Марта Адахоўская, аніматар