29 снежня маленькія калядоўшчыкі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне наведалі Гродна. Дзеці прыйшлі да сваіх біскупаў, каб падзяліцца з імі радасцю, якая сыходзіць з убогай стаенкі, дзе нарадзіўся Хрыстус Пан – Збаўца свету.
Наведваючы біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, калядоўшчыкі, падтрымліваючы прыгожую традыцыю, звязаную са святкаваннем Божага Нараджэння, спявалі калядкі і пастаралкі. Таксама яны падзяліліся аплаткамі, складаючы віншаванні.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў дзецям за захаванне прыгожых традыцый і пажадаў, каб гэтая радасць, якой яны дзеляцца з іншымі, засталася на ўвесь новы 2019 год у іх сэрцах і іх сем’ях.
Дзеці з Сапоцкіна наведалі ў гэты дзень таксама сясцёр Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак) і жыхароў біскупскай курыі ў Гродне.
Добрай навіной аб нараджэнні Езуса Хрыста дзеці дзеляцца і з жыхарамі свайго мястэчка. У актаву Нараджэння Пана яны наведалі ўжо некалькі дзясяткаў сем’яў, якія пражываюць у Сапоцкіне. У найбліжэйшы час яны жадаюць занесці радаснае “Gloria in excelsis Deo” яшчэ ў многія дамы сваёй парафіі.
Kс. Юрый Марціновіч