Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння дзеці і моладзь з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) падрыхтавалі святочную праграму. Сваё тэатральнае выступленне яны прысвяцілі тэме абароны жыцця.
У прадстаўленні было падкрэслена, што на Божае Нараджэнне вельмі вялікую ўвагу людзі звяртаюць на радасць нараджэння Збаўцы, на анёлаў, якія гучна спяваюць, на простых пастушкоў, якія прыходзяць да Дзіцяткі Езуса як увасабленне веры. Але варта, а нават і трэба, звярнуць асаблівую ўвагу на жыццё і на Даўцу жыцця, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стаенцы.
Таму ў прадстаўленні адзначалася, што жыццё – самая вялікая каштоўнасць, якую дае кожнаму чалавеку Пан Бог. Маладыя артысты заахвоцілі ўсіх прысутных маліцца за тых мамаў, якія забілі сваіх дзяцей праз здзяйсненне абортаў, а таксама прасілі Езуса, каб Ён нарадзіўся ў сэрцах тых бацькоў, якія хочуць забіць сваіх дзяцей праз аборт. “Нарадзіся як надзея для тых, хто ўжо забіў, нарадзіся як любоў у тых, хто дазваляе або прапаноўвае аборты, каб не было паміж намі такіх”, – казалі артысты, звяртаючыся з просьбай да Бога.
У сваім прадстаўленні яны нагадалі, што Каталіцкі Касцёл нязменным чынам абвяшчае праўду аб святасці і непарушнасці чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці і нястомна кажа ўсім, што патрэбна паўсюдная мабілізацыя сумлення і супольнае этычнае намаганне, каб рэалізоўваць вялікую стратэгію абароны жыцця.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Анастасія Мазец