25 снежня, ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Як сказаў іерарх у гаміліі, у гэты асаблівы дзень кожны чалавек адчувае, што святы Божага Нараджэння – штосьці большае, чым толькі ўспамін вельмі аддаленай падзеі ў гісторыі, бо Пан Езус прагне нарадзіцца ў сэрцы кожнага чалавека.
“Пан Езус нараджаецца ў нас нанова, калі адкрываем у сабе Яго любоў. Быць можа, кожны дзень, сярод розных клопатаў і адрачэнняў, працы і цярпенняў мы забываем аб гэтай Божай любові, можа, нараджаецца ў нас часам сумненне, ці сапраўды мы любімыя”, – дадаў біскуп, падкрэсліваючы, што святы Божага Нараджэння штогод нанова нагадваюць праўду, што “Бог ёсць любоў” (1Ян 4, 8).
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што з кожнай бэтлеемскай стаенкі, усталяванай у касцёле ці доме, з кожнай праспяванай калядкі, з кожнай атрыманай паштоўкі ад бліжняга са святочнымі пажаданнямі і ўкладзеным у канверт традыцыйным кавалкам аплаткі сыходзіць у гэты дзень да ўсіх людзей пасланне аб незвычайнай, неспасцігальнай, бязмежнай Божай любові. “Гэтага слова любові, якое Бог прамаўляе чалавеку і свету, ніхто і нішто не здольнае заглушыць. Няма такой сілы, якая б магла нас гэтай любові пазбавіць”, – сказаў ён.
Іерарх звярнуў увагу, што ў таямніцы Уцелаўлення свайго Сына Бог паказвае і нагадвае ўсім, што кожны чалавек без выключэння мае ў Яго вачах бясконцую годнасць і вартасць. “Пра годнасць чалавека вырашае толькі яго чалавечнасць, а яно з’яўляецца святасцю, паколькі з’яднаны з ім Езус Хрыстус, праўдзівы Бог”, – патлумачыў біскуп.
Іерарх заахвоціў усіх у радасныя святы Божага Нараджэння ўглядацца з верай у бэтлеемскую стаенку, а сэрца кожнага каб было простым і адкрытым на Божую праўду, як сэрцы пастухоў, якія прыбылі ў Бэтлеем і аддалі паклон Пану.
На заканчэнне біскуп выказаў усім шматлікім прысутным у святыні віншаванні, жадаючы, каб нованароджаны Хрыстус згашаў усе спрэчкі і сваркі, умацоўваў любоў, асвятляў цемру зла і граху і напаўняў сапраўднай Божай радасцю.
Kс. Юрый Марціновіч