Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!
“Абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам у горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 10-11). Гэтымі словамі анёл Панскі паведаміў бэтлеемскім пастухам радасную навіну пра Божае Нараджэнне. Яны адразу пакінулі свае статкі і паспяшаліся ў горад Давіда, дзе знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўля, якое ляжала ў яслях. Менавіта такім чынам, надзвычай простым, убогім і пакорным, пастанавіў Бог аб’явіць людзям вялікую таямніцу: з любові да нас Сын Божы стаўся чалавекам і пасяліўся між сваім народам як Эмануэль – Бог з намі.
Кожны год святы Божага Нараджэння нагадваюць нам пра тое, што Езус Хрыстус ёсць і застаецца з намі назаўсёды, праз усе дні, ажно да сканчэння свету.
Няхай радаснае ўсведамленне, што Пан з намі, сагрэе нашыя сэрцы, няхай напоўніць іх мірам і радасцю, надзеяй і даверам, дабрынёй і чуласцю да бліжніх. Няхай поўная любові прысутнасць Сына Божага пераменіць нашыя сем’і і супольнасці, да якіх належым, месцы вучобы і працы, парафіі і ўсё грамадства. Няхай блізкасць Езуса Хрыста адчуюць асабліва тыя, чыя вера і надзея пастаўлены на выпрабаванне па прычыне хваробы, самотнасці, беднасці, выключэння, адсутнасці перспектыў на будучыню, якогасьці іншага цярпення фізічнага або духоўнага. Няхай адарацыя Дзіцяткі Езуса ў бэтлеемскай стаенцы ўзбудзіць у нас прагненне ўчыніць усё, што ў нашай моцы, каб радасць Божага Нараджэння дасягнула кожнага чалавека добрай волі, каб суцішыла кожны боль і вылечыла ўсе раны чалавечых сэрцаў.
Жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, поўных радасці і міру, згоды духу і ўзаемнай дабрыні святаў Божага Нараджэння. Памятаю пра вас у малітве і прашу, каб Нованароджаны Збаўца адорваў вас сваім благаслаўленнем, добрым здароўем, дабрабытам і шчодрасцю ўсялякіх ласкаў у новым годзе Панскім 2019.
Вясёлых святаў!
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, Божае Нараджэнне 2018 г.
Віншаванні на польскай мове па спасылцы.