Адной з самых прыгожых традыцый святкавання ўрачыстасці Божага Нараджэння з’яўляецца дзяленне аплаткай. Гэта прыгожы час, калі ўся сям’я збіраецца за вігілійным сталом, каб павіншаваць адзін аднаго, падзяліцца добрым словам, а таксама перапрасіць за ўчыненыя крыўды.
Падтрымліваючы прыгожую традыцыю, 21 снежня ўся супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, як адна вялікая сям’я, на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам сабралася на аплаткавую сустрэчу ў семінарыйнай сталовай.
Падчас прывітання гасцей рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі зазначыў: “Свята Божага Нараджэння вельмі прыгожае, таму што збірае ўсю сям’ю з розных куткоў разам. І мы складаем адну вялікую сям’ю, у якой таксама ёсць свае традыцыі. Прыемна бачыць, як уся сям’я збіраецца разам, каб скласці адзін аднаму сардэчныя віншаванні, тым самым ствараючы цёплую атмасферу”.
Семінарысты падрыхтавалі невялікую праграму, падчас якой праз вершы і апавяданні прыблізілі гасцям традыцыі і сэнс БожагаНараджэння. Пазней дыякан, атрымаўшы благаслаўленне, прачытаў урывак з Евангелля паводле Лукі аб нараджэнні Езуса, а біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў аплаткі.
Іерарх пажадаў семінарыйнай сям’і, каб святы Божага Нараджэння прынеслі радасць у сэрца кожнага, а новы 2019 год, які набліжаецца, прынёс плён Божай ласкі ў іх жыццё. Біскуп падзякаваў у гэты дзень усім мадэратарам семінарыі за іх вялікі ўклад у фармацыю будучых пакаленняў святароў, а свецкім супрацоўнікам – за іх адданае, часта нябачнае, але таксама вельмі патрэбнае служэнне.
Усе сабраныя мелі магчымасць падысці адзін да аднаго і падзяліцца цёплымі словамі, паразмаўляць, разам паспяваць калядныя песні.
Аплаткавы вечар, які адбывацца незадоўга да ўрачыстасці Божага Нараджэння, будуе моцны дух супольнасці і дапамагае адчуць сябе сапраўдным членам вялікай семінарыйнай сям’і.
Aндрэй Юхнік
Фота: Томаш Мікалайчык, кс. Юрый Марціновіч