У першую нядзелю Адвэнту ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле стартавала акцыя "Каляднае святло ў кожную сям'ю". Ініцыятарамі і ўдзельнікамі акцыі сталі моладзь і сем'і з душпастырства "OPEN". Пасля св. Імшы была асвечана адмысловая свечка і Біблія, якія ў перадкалядны перыяд будуць пераходзіць ад сям'і да сям'і, прыносячы святло дабра, міру і любові. Мэта акцыі - аб'яднаць сем'і ў супольнай малітве і разважанні над Божым словам, умацаваць духоўную сувязь паміж імі, запаліць нанова сэрцы.
Каляднае святло ўжо трапіла ў шматлікія дамы - удзельнікі акцыі з цяплом ўзгадваюць прыемныя моманты.
Некаторыя запрашаюць на супольную малітву суседзяў, знаёмых. Кожная сям'я закладкай адзначае ў Бібліі фрагмент, які трэба прачытаць наступнай сям'і. Ад дома да дома перадаецца сшытак, дзе ўдзельнікі акцыі могуць запісваць свае думкі, перажыванні, пажаданні адзін аднаму. Пасля акцыі вернікі плануюць разам прачытаць ўсе пасланні.
Няхай Каляднае святло прыйдзе ў кожны дом, напоўніць яго цяплом і адкрые сэрцы для Бога і бліжніх!
Ганна Паўловіч