Эдвін і Вераніка сталі сям’ёй Ненартовіч менш за месяц таму – 24 лістапада. Сваіх гасцей на вяселле яны папрасілі прыходзіць не з кветкамі, а з цацкамі.
Родныя і сябры маладых людзей ахвотна адгукнуліся на гэтую незвычайную прапанову (усяго на вяселлі прысутнічала больш за 80 чалавек). Сабраных лялек, машынкі, развівальныя гульні, размалёўкі, пазлы, канструктары, кнігі маладажоны перадалі ў міжраённае аддзяленне для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскай ЦРБ.
– Дарыць кветкі на вяселле – гэта традыцыя. Людзі прыходзяць з букетамі, выдаткоўваючы на іх нямала грошай: дзясяткі, а часам і сотні рублёў. Гэта, канешне, прыгожа, але… недаўгавечна, а таму – дарэмна. Бо ўжо праз тыдзень кветкі завянуць і адправяцца ў сметніцу. Да таго ж букет, па большай частцы, радасць усяго для аднаго чалавека – нявесты, а такі значны крок у сваім жыцці хацелася адзначыць добрай справай, якая прынесла б радасць многім. Таму яшчэ на этапе планавання вяселля вырашылі адмовіцца ад традыцыйных букетаў і ў запрашальных “пастскрыптумам” рэкамендавалі гасцям несці тое, што можна было б перадаць патрабуючым дзецям, – распавялі Эдвін і Вераніка Ненартовічы.
Праўда, прадумваючы гэтую ідэю, маладажоны так і не вырашылі, у якую канкрэтна ўстанову перадаць падарункі: будзе яна ў Смаргоні, адкуль родам Вераніка, ці ў Лідзе, родным горадзе Эдвіна. Адказ на гэтае пытанне знайшоўся… у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
– На вяселле некаторыя госці акрамя цацак усё роўна прынеслі яшчэ і кветкі, – усміхаецца Вераніка. – Усе букеты мы сабралі і прывезлі Маці Божай Тракельскай у знак удзячнасці за наша знаёмства. Так, з Эдвінам мы сустрэліся тут, у касцёле, падчас пілігрымкі ў 2017 годзе. Вось такое Божае благаслаўленне.
Падчас наведвання санктуарыя маладажоны зайшлі да пробашча парафіі кс. Юрыя Бяганскага, які таксама з’яўляецца душпастырам капліцы Маці Божай з Люрда, размешчанай на тэрыторыі Лідскай ЦРБ. Так знайшоўся адказ на пытанне, куды перадаць сабраныя на вяселлі замест кветак падарункі, – педыятрычнаму рэабілітацыйнаму аддзяленню.
– За чатыры гады існавання капліцы Эдвін і Вераніка, напэўна, ужо пятыя маладажоны, якія сваё асабістае свята – вяселле – адзначаюць, перадаючы падарункі пацыентам лідскай бальніцы. Такія ўчынкі, безумоўна, з’яўляюцца цудоўным пачаткам новага жыцця, – адзначыў кс. Юрый Бяганскі.
Сёння ў міжраённым аддзяленні для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскай ЦРБ 28 пацыентаў. “Станоўчыя эмоцыі ўплываюць на параметры ўнутранага асяроддзя арганізму. І мы вельмі стараемся радаваць дзетак як мага часцей. Таму такія святы можна лічыць адным з кампанентаў тэрапіі. Велізарны дзякуй Эдвіну і Вераніцы за іх дабрыню і міласэрнасць. Іх учынак важнейшы за ўсялякія словы”, – кажа загадчык аддзялення Ірына Панас.
Вікторыя Русілевіч, паводле lidanews.by