21 снежня распачынаецца штогадовая скаўцкая эстафета Бэтлеемскага агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
У гэты дзень агонь, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, будзе дастаўлены на беларуска-польскую мяжу, дзе затым будзе перададзены прадстаўнікамі польскага згуртавання харцэраў ZHP у катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. З горада над Нёманам ён распачне сваю вандроўку па Беларусі. Беларускія прадстаўнікі скаўцкага руху даставяць агонь у іншыя месцы нашай краіны.
Сёлетняя акцыя будзе праходзіць пад назвай “Святло, якое яднае”. Праз гэта арганізатары акцыі хочуць звярнуць увагу на тое, што аб’ядноўвае нас, што для нас агульнае, і падкрэсліць, што трэба цешыцца тым, што з’яўляецца супольным дабром, а потым шукаць шляху да поўнай еднасці, да паразумення ў справах, дзе мы адрозніваемся.
“Мы маем так шмат супольнага, што дзякуючы гэтаму з’яўляемся братамі. Між братамі не заўсёды ўсё павінна быць у парадку і яны не ва ўсім павінны быць згодныя, але галоўнае –факты, якія так важныя: што нельга на моцы пэўных адрозненняў перакрэсліць тое, што яднае і што з’яўляецца падставай нашага братэрства. Несучы Бэтлеемскае святло міру, будзем шукаць тое, што нас яднае”, – адзначаюць арганізатары акцыі.
Акцыя Бэтлеемскага святла міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г. Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема. У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Менавіта ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.
Вітанне Бэтлеемскага святла міру ў катэдральным касцёле адбудзецца ў 17.30. Затым пачнецца святая Імша.
Kс. Юрый Марціновіч