Skip to main content

У Гродне ўпершыню прайшло адвэнтавае чуванне моладзі

czuwanne advent 3815 снежня ўпершыню ў Гродне адбылося адвэнтавае чуванне моладзі. Гэта было нешта новае для ўсіх, хто сабраўся ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі).

Чуванне распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на тэме цішыні, якая павінна дапамагаць у падрыхтоўцы да прыйсця Езуса Хрыста.

“Бог запрашае прыняць Яго святло і пайсці за Ім шляхам радасці, - адзначыў біскуп. - Цяпер мы маем час, каб падрыхтавацца ў цішыні, бо, толькі адмовіўшыся ад гаджэтаў, непатрэбных размоў, мы можам адчуць асалоду падрыхтоўкі”.

czuwanne advent 22

Па словах іерарха, час радаснага чакання прыйсця Пана – добрая нагода навесці парадак у сваім духоўным жыцці. “Адвэнт – добры час, каб выпрастаць усе дарогі, каб увайсці разам з пастухамі ў Бэтлеем і пакланніцца Збаўцы”, - дадаў ён.

Другім пунктам праграмы было прадстаўленне парафіяльных суполак моладзі, якія паказалі відэаролікі і сцэнкі, як рыхтуюцца да прыйсця Збаўцы. Таксама прэзентацыю паказалі навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Некаторыя з пунктаў падрыхтоўкі – гэта ачышчэнне сэрца (споведзь) і адарацыя, супольнае стварэнне адвэнтавага вянка, пакаванне сена, упрыгожванне касцёла і г.д.

Прысутных аб’яднала ў гэты вечар шчырая малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якую напісала моладзь гродзенскіх парафій, пасля якой было ўдзелена благаслаўленне.

Напрыканцы кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі, падзякаваў адважным і радасным маладым людзям, якія прыехалі з розных мікрараёнаў горада Гродна, за ўдзел. Традыцыйна на заканчэнне быў зроблены супольны фотаздымак на памяць.

Вольга Сяліцкая