Напярэдадні Раства піярская моладзь у Шчучыне праводзіць акцыю "Таемны Санта". На дадзены момант рэгістрацыю прайшлі ўжо больш за 50 чалавек.
Арганізатары прапануюць зладзіць свята не толькі для блізкіх, але і для выпадковых людзей.
"Вы падрыхтуеце калядны падарунак чалавеку, які трапіць вам выпадковым чынам. У сваю чаргу таксама не застанецеся без увагі", - адзначаюць арганізатары.
Для таго, каб прыняць удзел у піярскай версіі "Таемнага Санты", неабходна было запоўніць анкету. Кожнаму ўдзельніку высылаюць інфармацыю аб тым, каму трэба падрыхтаваць падарунак.
Калі ўдзельнік са школьнай моладзі, абмен будзе адбывацца 23 снежня ў кляштары айцоў-піяраў, дзе падарункі з адпаведнымі подпісамі будуць размешчаны загаддзя.
"Раскрываць сваё імя або не, "Таемны Санта" вырашае сам", - дадаюць ініцыятары акцыі.
Калі ўдзельнік з шэрагу студэнцкай або працоўнай моладзі, то абмяняцца падарункамі можна будзе 24 снежня ў шчучынскай святыні - да або пасля Пастэркі.
"Калі чалавек будзе прымаць удзел у Пастэрцы ў іншым касцёле, але зрабіць падарунак для кагосьці хоча, ён можа пакінуць яго крыху раней у шчучынскім кляштары", - падкрэсліваюць арганізатары.
Паводле katolik.life