На мінулым тыдні ў магазіне “Родны кут” па вул. Міцкевіча ў Навагрудку быў дадзены старт дабрачыннай каляднай акцыі “Кошык дабрыні”.
Арганізатар акцыі – навагрудская парафія Святога Міхала Арханёла сумесна з парафіянамі, а таксама гандлёвыя аб’екты Навагрудка і Навагрудскага раёна. Акцыя накіравана на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных сем’яў.
Як расказаў пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, упершыню падобная акцыя была арганізавана ў мінулым годзе парафіяй Святога Казіміра ў аг. Уселюб. Сёлета было прынята рашэнне правесці яе больш маштабна, каб дапамогу атрымалі як мага больш сем’яў.
У адкрыцці акцыі таксама прынялі ўдзел пробашч парафіі Святога Казіміра ксёндз Віталій Цыбульскі, сястра Гелена з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дырэктар Навагрудскага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства Валянціна Кандратовіч, парафіяне і работнікі магазіна.
Акцыя праходзіць у розных гандлёвых аб’ектах Навагрудка і магазінах “Родны кут” у аграгарадках. Ажыццяўляецца збор прадуктаў харчавання, якія не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання і з доўгім тэрмінам годнасці (крупы, мука, алей, кансервы, пячэнне і г.д.), гігіенічных прыладаў, канцылярскіх тавараў.
Прыняць удзел у акцыі можа любы жадаючы – для гэтага неабходна набыць пэўны тавар і пакласці яго ў спецыяльны кошык, устаноўлены ў магазіне. Калі “Кошык дабрыні” будзе запоўнены, сабраныя прадукты і тавары паўсядзённага попыту перададуць у сем’і.
Працягнецца акцыя да 10 студзеня. Аказанне дапамогі будзе ажыццяўляцца па меры запаўнення “Кошыка дабрыні”.
Арганізатары акцыі сталі яе першымі ўдзельнікамі і за пару хвілін напоўнілі першы кошык. Спадзяёмся, што і навагрудчане прымуць актыўны ўдзел у гэтай добрай справе. У навагоднія і калядныя святы святочны настрой павінен быць ва ўсіх дзяцей.
Алена Пятрова