Гімнам да Духа Святога 7 снежня, у вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, распачаўся адвэнтавы дзень засяроджання ў сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Духоўны айцец семінарыстаў кс. Ян Сарэла, які стаў кіраўніком дня засяроджання, прапанаваў паразважаць над словамі Езуса з Нагорнага казання: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). Разважаючы над імі, духоўны айцец распавядаў пра цэлібат і яго значнасць у святарстве, а таксама аб вялікай вартасці захавання свайго сэрца ў чысціні.
"Марыя, пазбаўленая ад усялякага граху, дапамагае кожнаму чалавеку захаваць сваё сэрца ў чысціны і пакоры, праз што мы атрымліваем магчымасць “бачыць Бога”. Мы павінны быць чыстымі сэрцам, бо гэтага хоча сам Бог. Чысціня душы – залог добрага святарства і дасягнення святасці. Нячыстасць жа робіць з людзей эгаістаў, а эгаіст не можа быць добрым душпастырам!” – скіраваў кс. Ян словы, якія трэба памятаць кожнаму семінарысту і святару.
Дзень засяроджання – гэта асаблівы час для кожнага семінарыста, які праходзіць у цішыні і малітве. Слухаючы канферэнцыі, навучэнцы семінарыі маюць магчымасць паразважаць над сваім жыццём, пакліканнем і яго рэалізацыяй.
Галоўнай часткай дня стала ўрачыстая Імша, падчас якой маліліся ў інтэнцыі гродзенскай семінарыі ў дзень яе патранальнага свята і аб заступніцтве Беззаганнай Панны Марыі для ўсёй семінарыйнай супольнасці.
Духоўныя практыкі і малітва ўмацоўваюць будучых святароў у веры і дадаюць духоўных сіл у набліжэнні да мэты. Чарговы дзень засяроджання стаў для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне добрай нагодай, каб папоўніць сілы на далейшыя дні Адвэнту і духоўна падрыхтавацца да надыходзячых святаў Божага Нараджэння.
Aндрэй Юхнік