У час Адвэнту, калі вернікі чакаюць нараджэння Збаўцы, прыпадае літургічны ўспамін св. Мікалая, біскупа, якога з ранняга дзяцінства ўсе адорваюць вялікай сімпатыяй, бо ён прыносіць падарункі.
У многіх парафіях адбываюцца сустрэчы са св. Мікалаем, які прыходзіць найперш да дзяцей, але і дарослыя чакаюць, каб атрымаць ад яго хаця б сімвалічную цукерку.
У парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне дзяцей у гэтым годзе таксама наведаў святы біскуп, уручыўшы ім падарункі. Каб атрымаць падарунак, трэба было прамовіць вершык, малітву або заспяваць.
Ад часу, калі жыў св. Мікалай, нас аддзяляе 17 стагоддзяў. Гэта дастаткова доўгі час, каб шмат падзей з жыцця святога было забыта. Сёння тое, што мы ведаем пра яго, – гэта сумесь фактаў і легенд. Цяжка, аднак, супраціўляцца ўражанню, што нават у тых аповедах пра св. Мікалая, якія гучаць найбольш фантастычна, ёсць зерне праўды.
Гэты святы нястомна перадае нам адну заўсёды актуальную ідэю. Ён нагадвае пра неабходнасць ахвярнасці ў дачыненні да бліжняга. Прыгожа выказаў гэта св. Ян Павел ІІ, адзначыўшы, што св. Мікалай – “апякун дару чалавека для чалавека”.
Няхай святы, якія набліжаюцца, будуць такім часам, каб мы здолелі адорваць іншых падарункамі, але перш за ўсё добрым словам і канкрэтным учынкам!
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Людміла Кавальчук