1 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыліся традыцыйныя “Андрэйкі” перад Адвэнтам. З радасцю ўвайшлі ў новы літургічны год, пачатак якога – Адвэнт – з’яўляецца чаканнем прыйсця Збаўцы, вернікі гэтай супольнасці.
У гэтым каляндарным годзе, які ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі прысвечаны моладзі, “Андрэйкі” прайшлі пад дэвізам “Наша моладзь”. Таму ў артыстычным прадстаўленні моладзь паказала сцэны з жыцця сучасных юнакоў і дзяўчат. Былі адлюстраваны як станоўчыя, так і адмоўныя іх бакі. Маладыя акцёры паказалі, чым жыве сучасная моладзь і з якімі праблемамі сутыкаецца.
Было падкрэслена, што сённяшнюю моладзь закранае крызіс каштоўнасцяў, а за гэтым ідзе своеасаблівае маральнае сапсаванне, якое ўплывае перш за ўсё на сем’і, а ментальнасць юнакоў і дзяўчат пачатку ХХІ ст. значна адрозніваецца ад ментальнасці іх аднагодкаў 40, 30 ці 20 гадоў таму.
Праз прадстаўленне была звернута ўвага, што гэтае пакаленне моладзі навучылася ўключаць тэлевізар, а часам выключаць яго, што яно добра ведае пра справы, аб якіх дарослыя звычайна асцерагаюцца казаць.
Падкрэслівалася, што малады чалавек павінен шанаваць сваю годнасць, мець пачуццё ўласнай вартасці і павагу да самога сябе. Акрамя таго, было праведзена мноства цікавых конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел як маладыя, так і старэйшыя парафіяне.
Сёлетнія “Андрэйкі” ў лідскай парафіі былі падрыхтаваны пад кіраўніцтвам сястры Алены Пляхімовіч CMN.
Вечар радасці і весялосці завяршыўся супольнай малітвай.
Kс. Юрый Марціновіч