5 снежня адзначаецца Сусветны дзень валанцёраў. Менавіта дзякуючы людзям, якія нясуць бескарыслівую дапамогу іншым, свет становіцца больш прыгожым і братэрскім. Валантарыят – адна з неабходных у сённяшнія часы формаў сведчання аб тым, што ў Езусе Бог кліча нас і робіць здольнымі любіць братоў і сясцёр.
Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі віншуе ўсіх людзей добрай волі, якія бескарысліва дапамагаюць іншым. “Карытас” у гэты асаблівы дзень дзякуе ўсім валанцёрам, добраахвотнікам, тым, хто знаходзіць час для служэння добрым справам.
Правядзенне дабрачынных акцый, арганізацыя летняга адпачынку, наведванне хворых дзяцей, людзей састарэлага ўзросту і шмат іншых мерапрыемстваў не абыходзяцца без удзелу валанцёраў. Шмат гадоў з дабрачыннай арганізацыяй знаходзяцца побач людзі, якія нават не называюць сябе валанцёрамі, але прымаюць удзел у важкіх сацыяльных праектах.
Міхаіл Леанец пяць гадоў працуе ў майстэрні па вырабу свечак. Справа вельмі адказная і творчая, трэба вельмі хутка і дабраякасна кіраваць працэсам. Калядныя і велікодныя свечкі трапляюць з гэтай майстэрні на святочны стол католікаў. Сам Міхаіл кажа, што атрымоўвае задавальненне ад гэтай працы і прыцягвае да дапамогі сваіх родных.
"Адзін я б не справіўся, бо тэрміны вельмі абмежаваныя, таму далучаецца і жонка, і цешча. Трэба, каб кожны вернік меў магчымасць запаліць святло ў сваім доме”, – дадае Міхаіл.
Наша дабрачынная арганізацыя шануе і ганарыцца людзьмі, якія адданыя сваей справе, якія “гараць” новымі ідэямі, імкнуцца падзяліцца цяплом свайго сэрца, знайсці час для служэння бліжняму.
Кожны год у “Карытас” прыходзяць новыя добраахвотнікі, якія прапануюць сваю дапамогу, хтосьці застаецца з намі, хтосьці адлучаецца. Але лічым, што спрабаваць патрэбна. Слухайце сваё сэрца!
Наталля Вішнеўская