2 снежня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адбылася святая Імша для душпастырства глуханямых, прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў.
У Імшы, якая цэлебравалася ў інтэнцыі тых, хто мае праблемы са слухам, і глуханямых, удзельнічалі святары, дыякан і семінарысты, якія працуюць у душпастырстве глуханямых. Таксама з гэтай нагоды былі раздадзены падарункі.
Сёлета дыяцэзіяльнаму душпастырству глуханямых у Гродне – першаму на тэрыторыі Беларусі – споўнілася 20 гадоў.
Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі жэставай мовай валодаюць трое святароў: кс. Валерый Лісоўскі, кс. Віталій Дабраловіч, кс. Ян Кузюк. З нядаўняга часу душпастырствам глуханямых у Гродне апекуецца кс. Ян Кузюк, які змяніў на гэтай пасадзе шматгадовага душпастыра супольнасці кс. Валерыя Лісоўскага.
Імша для душпастырства глуханямых адбываецца ў Гродне кожную нядзелю ў пабрыгіцкім касцёле.
На дадзены момант у Гродне пражывае каля тысячы асобаў з парушэннем слыху (каталіцкага веравызнання).
Дыякан Віталій Валюк