3 снежня ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць св. Францішка Ксаверыя, які апякуецца святыняй больш за 300 гадоў. На літургіі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, сабраліся святары, сёстры законныя, шматлікія парафіяне і жыхары горада.
Святкаванне ўрачыстасці пачалося малітвай Літургіі Гадзінаў канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў Богу за дар асобы св. Франіцшка Ксаверыя.
У гаміліі біскуп наблізіў вернікам біяграфію святога. Св. Францішак быў заснавальнікам Ордэна езуітаў і з’яўляецца самым паспяховым місіянерам у гісторыі хрысціянства. Святы выканаў велізарную працу па распаўсюджванню веры ў Хрыста ў краінах Азіі, і як арганізатар, і як першапраходзец. Таксама разгарнуў шырокую евангелізацыйную дзейнасць у Індыі.
“Па прыкладзе св. Францішка Ксаверыя будзьце місіянерамі, перш за ўсё, для сябе, паглыбляючы сваю веру. Па-другое, для сваіх сямей, набліжаючы іх да Езуса. І па-трэцяе, для людзей побач, якія патрабуюць дотыку любові”, - зазначыў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юзаф удзяліў сабраным пастырскае благасаўленне.
“Мноства людзей не з'яўляецца хрысціянамі толькі таму, што сёння няма нікога, хто б рабіў іх хрысціянамі”. (св. Францішак Ксаверы)
Ангеліна Марцішэўская