Skip to main content

Крыж у цэнтры нашага жыцця

Вялікая пятніца – гэта дзень Крыжа. Звяртаючыся да сабраных у гэты дзень у катэдры вернікаў, ксёндз біскуп падкрэсліў, што кожны павінен слухаць навуку Хрыста з крыжа.
У гэты дзень у базыліцы не адпраўляліся св. Імшы, а цэнтральнае месца самой літургіі заняла адарацыя крыжа. Літургія Вялікай пятніцы – літургія Мукі Панскай – распачалася ў катэдры а 19-й гадзіне. Але перад гэтым, згодна з традыцыяй, было адпраўлена набажэнства Крыжовага шляху. Яго правялі святары, якія працуюць у катэдры. “Разважаючы у гэты асаблівы дзень мукі і смерці Пана Езуса паасобныя стацыі, мы адчуваем сябе адной вялікай парафіяльнай сям’ёй”, - сказаў і інтэрв’ю нашаму парталу пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі.
Падчас літургіі Вялікай пятніцы з гаміліяй звярнуўся да вернікаў кс. Андрэй Зноска, які падкрэсліў, што ў гэты дзень мы асаблівым чынам дакранаемся да дрэва крыжа, на якім памірае наш Збаўца, “непаўторным чынам дакранаемся да пакут Хрыста”.
Пасля літургіі крыж быў змешчаны на відочным месцы ў катэдры, каб кожны мог яго адараваць да Пасхальнай вігіліі. Пасля св. камуніі адбылася працэсія да Гроба Панскага. У гэты дзень каля Гроба Панскага мы распачалі навэнну да Божай Міласэрнасці, якую правёў кс. Ежы Лявіньскі. Найсвяцейшы Сакрамэнт быў накрыты белым вэлюмам – сімвалам плашчаніцы, у якую было загорнута цела Хрыста. Адарацыя ў катэдры доўжылася да 22-й гадзіны. Варта адзначыць, што напрацягу ўсёй Вялікай пятніцы ў гродзенскай катэдры спавядалі ўсе святары з парафій нашага горада.