Ужо стала традыцыяй кожны год далучацца да ўдзелу ў рэкалекцыях цвярозасці, што праходзяць у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі).
У рэкалекцыях, якія арганізуюцца душпастырствам цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнічаюць тыя, хто неабыякавы да праблемы алкагалізму і наркаманіі ў нашай краіне.
1 снежня ўдзельнікі музычнага гурта “AVE” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне таксама мелі магчымасць наведаць рэкалекцыі і памаліцца разам з удзельнікамі на святой Імшы, пасля якой семінарысты выступілі з невялікай музычнай праграмай для сабраных.
Кожную суботу студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі збіраюцца на супольную малітву, каб сваёй духоўнай падтрымкай дапамагчы тым, хто жадае вызваліцца ад залежнасці да алкаголю. А непасрэдная сустрэча, дзякуючы якой семінарысты ўбачылі няспыннае прагненне ўдзельнікаў рэкалекцый змяніць сваё жыццё, працаваць над самім сабой і над сваімі слабасцямі, вельмі моцна ўзрушыла будучых святароў і стала яшчэ адным штуршком да таго, каб прысвяціць сваё служэнне найбольш патрабуючым.
Aндрэй Юхнік, семінарыст