27 лістапада ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне можна было даведацца пра загадкі лавак-сталей у студэнцкай капліцы Маці Божай Кангрэгацкай.
Гісторыю лавак 300-гадовай даўніны, якія сёння служаць вернікам у былым езуіцкім касцёле – незвычайнай мэблі з выявамі ў стылі шляхецкай сармацкай культуры, – наблізіў дацэнт Уладзімір Ляўшук, кандыдат гістарычных навук і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У гэты дзень жыхары горада Гродна мелі магчымасць разгледзець звычайна маладаступны артэфакт бліжэй.
Лаўкі-сталі з маляўнічымі выявамі знаходзяцца ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі навучэнцаў гродзенскага езуіцкага калегіума.
Лаўкі-сталі (от итал. stallo - стойла) - спецыяльная мэбля ў каталіцкіх святынях. Сталі ставіліся там, дзе манахі або рэгулярныя канонікі на працягу сутак збіраліся для спявання Літургіі гадзінаў у хоры. Яны мелі падлогу, высокія спінкі і балдахіны для абароны тых, хто моліцца, ад холаду са сценаў, падлакотнікі і нязручныя вузкія сядзенні, на якіх можна было прысесці, але нельга заснуць, і зачынены спераду кленчнік.
На лаўках-сталях у Гродне, якія былі важным кампанентам штодзённага жыцця студэнтаў, аб’яднаных у Марыянскую садаліцыю, адлюстраваны два алтара з абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Сталі маюць два размешчаныя пад прамым вуглом адзін да аднаго крылы, злучаныя пераходам, які паўтарае крыжападобную форму пілона, пры якім яны стаяць. На філёнгах спінак і на франтальнай сценцы прысутнічаюць маляўнічыя выявы.
З часам аўтэнтычнасць выяваў стала іх галоўнай вартасцю, паколькі пачалі цаніцца адлюстраваныя на іх падрабязнасці гродзенскага штодзённага жыцця XVII-XVIII стст. Аўтар выяваў на сталях невядомы.
У сваім дакладзе Уладзімір Ляўшук адзначыў, што ў цяперашні час не маецца пісьмовых сведчанняў пра дату ўстаноўкі сталяў у студэнцкай капліцы. Аднак найбольшая карысць ад іх устаноўкі для жывых герояў выяваў на сталях і для жывых сваякоў тых, хто ўжо памёр, была ў пачатку кастрычніка 1718 г., перад распачаццем сейму ў Гродне. У гэтым годзе споўнілася 300 гадоў з таго часу.
Усталяваныя ў капліцы былой гродзенскай Марыянскай садаліцыі лаўкі-сталі не толькі нагадваюць сёння жыхарам і гасцям Гродна пра цудоўныя аздараўленні асобных людзей, якія даверыліся Маці Божай Кангрэгацкай, але і кажуць пра багатую гісторыю горада.
Пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі пасля завяршэння дакладу падзякаваў Улазіміру Ляўшуку і выказаў надзею, што такія гістарычна-пазнавальныя вечары будуць ладзіцца ў святыні ў будучыні.
Кс. Юрый Марціновіч