9 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаецца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.
У Польшчы гэты дзень, які праходзіць па ініцыятыве каталіцкага епіскапату, мае назву Дзень малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе і будзе адзначацца ўжо ў 19-ы раз. Традыцыйна ён арганізуецца Супольнасцю дапамогі Касцёлу на Усходзе пры сакратарыяце Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.
Мэта гэтага дня — наданне асаблівай увагі КаталіцкамуКасцёлу, які адраджаецца ў краінах Усходняй Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама падтрымка ўсялякіх ініцыятываў, што прадпрымаюцца на карысць евангелізацыі Усходу.
У сёлетнім пасланні, скіраваным да вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч заахвочвае да ўдзячнай малітвы ў інтэнцыі ахвярадаўцаў. Іерарх падкрэслівае, што Касцёл на Гродзеншчыне шматразова карыстаўся гэтай дапамогай вернікаў Касцёла ў Польшчы.
“Наш Касцёл на Гродзеншчыне шмат гадоў карыстаецца шчодрай дапамогай, якую аказвае гэтая Супольнасць, між іншым у выглядзе ахвяраваных літургічных адзенняў, элементаў абсталявання сакральных будынкаў, а таксама фінансавай падтрымкі разнастайных душпастырскіх, катэхетычных, адукацыйных, будаўнічых і дабрачынных праектаў”, – гаворыцца ў паведамленні біскупа Кашкевіча.
Іерарх просіць святароў скіраваць да вернікаў словы заахвочвання, каб таксама ў асабістай малітве памяталі пра ўсіх, хто ў жэсце хрысціянскай салідарнасці прыходзіць з бескарыслівай дапамогай для лакальнага Касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч