25 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у капліцы парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) вернікі адзначалі двайное свята. У гэты дзень, акрамя малітвы ў інтэнцыі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, да ліку міністрантаў далучылася 8 чалавек.
На працягу 6 месяцаў яны былі кандыдатамі, рыхтуючыся да міністранцкага служэння пад руплівай апекай вікарыя парафіі кс. Андрэя Белаблоцкага. Пасля старэйшыя міністранты прынялі ў іх экзамены, і ва ўрачыстасць Хрыста Валадара хлопцы ў прысутнасці пробашча парафіі кс. каноніка Паўла Салабуды склалі абяцанні і ўпершыню апранулі комжы.
Падчас Імшы пасля прачытання пастырскага ліста Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пробашч звярнуўся да парафіян са словамі: “Мы чулі пра прыгожы прыклад мястэчка Манферата (Італія), з якога нарадзілася дзякуючы малітвам 323 пакліканні. Мы маладая парафія і маем патрэбу ў такой малітве сярод нашых вернікаў, але таксама цудоўна, што колькасць нашых міністрантаў павялічваецца. Веру, што хтосьці з гэтых маладых хлопцаў пачуе голас паклікання”.
На заканчэнне святой Імшы кс. Павел Салабуда падзякаваў бацькам гэтых дзяцей, якія выхоўваюць іх у каталіцкай веры, і заахвоціў іншых хлопцаў да служэння пры алтары. Пасля Эўхарыстыі новыя міністранты разам з кс. Андрэем адсвяткавалі падзею ў піцэрыі.
Як адзначыў для нашага партала кс. Павел Салабуда, “феноменам гэтай новай групы міністрантаў з’яўляецца маленькі хлопчык Андрэй, якому 3 гады, ён яшчэ не ўмее чытаць і пісаць, але ўжо ўмее служыць пры алтары”.
У гродзенскай парафіі Святога Духа ўжо больш за 80 міністрантаў. Усе яны падзелены на групы і рэгулярна сустракаюцца на занятках па міністранцкай фармацыі. Кожная група мае свайго нябеснага апекуна – святога, праз чыё заступніцтва яны моляцца.
JM