24 лістапада ў парафіяльнай святліцы пры парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) сабраліся дзеці, якія захацелі разам з сястрой Вікторыяй правесці гэты суботні дзень у забаве і малітве. Дзяцей чакала мноства крэатыўных заданняў і працы. Найперш мэтай такой сустрэчы было адарваць іх ад камп’ютара і розных гаджэтаў і даць магчымасць правесці вольны час супольна.
Сустрэча пачалася з малітвы. Кожны ўдзельнік мог індывідуальна падзякаваць Богу за дабро, якое заўважыў у сваім жыцці. У малітве дзеці таксама прасілі дапамогі для сябе і іншых людзей. Пасля яны маглі пабачыць праграму фокусніка, падрыхтаваную моладдзю парафіі, і паўдзельнічаць у ёй.
Наступнай часткай сустрэчы была непасрэдная падрыхтоўка дзецьмі ліхтарыкаў на Адвэнт для раратняй Імшы. Дзеці былі вельмі рады пабачыць вынікі сваёй працы.
Кожнае іх старанне арганізатары ўзнагародзілі смачным абедам і салодкім пачастункам. Потым дзеці прынялі ўдзел у забавах і размаўлялі на розныя тэмы. Час праляцеў вельмі хутка, і, як пазней заўважылі бацькі дзяцей, яны вярнуліся дадому радасныя.
Святліца для дзяцей, створаная пры дапамозе дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Польшчы і “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, дзейнічае пры парафіі штодзённа. Дзеці могуць прыйсці сюды на супольныя забавы і іншыя сустрэчы, якія праводзяць сёстры ядвіжанкі, што служаць у парафіі, і валанцёры. Варта дадаць, што тут праводзяць час дзеці з розных сем’яў, мясцовыя душпастыры асаблівую ўвагу ўдзяляюць знаходжанню дзяцей занядбаных, якім патрэбна дапамога, дзяцей са шматдзетных і іншых сем’яў. У святліцу можа прыйсці кожнае дзіця незалежна ад веры.
Kс. Павел Салабуда