23 лістапада прайшоў пяты дзень "Тыдня талентаў". Пасля св. Імшы і адмысловай малітвы ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле адбылася традыцыйная пятніцкая адарацыя: праслаўленне Езуса ў Эўхарыстыі. Гэтым разам яна праходзіла незвычайным чынам. Прысутным на адарацыі прапанавалі выказаць сваю любоў да Бога маляваннем, спевам і музыкай.
Кс. Антоній благаславіў мастакоў, пасля чаго ўсе памаліліся да Святога Духа, каб Ён знаходзіўся сярод прысутных і дапамог раскрыць свае таленты. Атмасфера была напоўнена таямнічасцю і адухоўленасцю. Жывы Бог глядзеў, чытаў думкі, слухаў песні для Яго хвалы і сваёй рукой выводзіў тыя цудоўныя карціны, якія атрымаліся ў юных мастакоў.
Падчас адарацыі маліліся аб распазнанні талентаў, іх прыняцці і развіцці. Прасілі аб смеласці дзяліцца імі з людзьмі навокал. Моладзь таксама прасіла Госпада, каб ён дапамагаў ёй падтрымліваць іншых таленавітых людзей.
Сустрэча суправаджалася спевамі, малітвамі і ціхай размовай з Богам у глыбіні душы.
На заканчэнне спаткання мастакі прадэманстравалі свае працы - яны былі выдатныя! Кожны ўбачыў Бога па-свойму і адлюстраваў Яго вобраз.
Усе ўдзельнікі адарацыі атрымалі індывідуальнае благаслаўленне.
Ганна Паўловіч