Па традыцыі ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, які адзначаецца 22 лістапада, гродзенскі хор “Cantate Domino” выступіў з канцэртам. Прысвечаны Найсвяцейшай Панны Марыі канцэрт прайшоў у гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).
На канцэрце прысутнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, духавенства, жыхары Гродна і аматары касцёльнай музыкі.
Харысты пад кіраўніцтвам дырыжора Генрыхa Давідовічa выканалі прыгожыя творы на марыйную тэматыку, кожны з якіх быў выключным. Прагучаў таксама новы твор “Беззаганнае Сэрца”, словы і музыку да якога напісаў кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, аматар музыкі.
Між іншым прагучаў і афіцыйны гімн І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі “Жыць Евангеллем”, аўтарам якога з’яўляецца той жа святар нашай дыяцэзіі.
Літургічны ўспамін св. Цэцыліі – гэта таксама дзень заснавання гродзенскага хору. Ужо 19 гадоў хор “Cantate Domino” упрыгожвае сваім спевам найважнейшыя касцёльныя ўрачыстасці як у Гродзенскай дыяцэзіі, так і за яе межамі. За гэты час хор наведаў шмат святыняў у нашай краіне і за мяжой, даўшы нямала канцэртаў.
Кс. Юрый Марціновіч