Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы,
Дарагія браты і сёстры!
У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, жадаем асаблівым чынам прывітаць вас на сённяшняй Эўхарыстыі і скіраваць да вас сваё слова.
Літургічныя чытанні ў гэты ўрачысты дзень маюць вельмі багаты змест. Прарок Даніэль гаворыць пра Сына Чалавечага, які будзе ісці па аблоках, пра тое, што Айцец даў Яму «ўладу, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана» (Дан 7, 13–14). Валадарства Хрыста непарушнае, Ён з’яўляецца Панам усяго стварэння.
Евангелле гэтай нядзелі апавядае нам пра сустрэчу і размову паміж Хрыстом і Пілатам. Валадар сусвету стаіць перад зямным прадстаўніком улады, якой наканаваны крах. Езус, Чалавек, які абвяшчае свабоду дзяцей Божых, з’яўляецца вязнем. Хрыстус, паўната Святасці, асуджаны людзьмі на пакаранне як злачынец. Менавіта ў гэтым рэзкім кантрасце, праяўляецца ва ўсёй сваёй велічы місія Хрыста Валадара – Збаўцы ўсяго чалавецтва.
Езус, якога дапытвае Пілат, пацвярджае выразна, што не імкнецца да палітычнай улады: «Валадарства Маё не з гэтага свету» (Ян 18,36), але і не супярэчыць што мае валадарства, сутнасць і натура якога адрозніваюцца ад зямнога. Хрыстус не абвяргае тытул караля, якім Яго называюць, але ўказвае на яго глыбокі сэнс. Ён з’яўляецца Валадаром сусвету, таму што Ён ‑ Сын Божы, таму што разам з Богам Айцом і Духам Святым з’яўляецца Стварыцелем усяго бачнага і нябачнага. Акрамя гэтага, Хрыстус ‑ Валадар сусвету, таму што праз Сваё Уцелаўленне, Смерць і Уваскрасенне Ён стаў Збаўцам ‑ гэта значыць Тым, хто ратуе свет ад грахоўнага краху. Мы ўсе належым да Езуса, мы ўсе Ягоныя, Ён адзіны з’яўляецца нашым Валадаром.
На гэтай зямлі ўсе чалавечыя ўлады прадвызначыная да заняпаду. Гісторыя вучыць, што ў імперыях і дзяржавах здараецца рознае ‑ і росквіт, і ўпадак, бо ўсё, што будуецца на чалавечым фундаменце, мае хісткі падмурак. Толькі Валадарства Езуса Хрыста будзе доўжыцца вечна, і сённяшняе другое чытанне кажа пра гэта выразна: «Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны» (Ап 1,8).
На працягу стагоддзяў шмат хто спрабаваў знішчыць хрысціянства з твару зямлі, але ні аднаму з іх гэта не ўдалося. Як вядома, Напалеон, адзін з самых лютых ганіцеляў Касцёла, завяршыў сваё жыццё, прыніжаны выгнаннем на выспу святой Алены, просячы Бога дараваць яму грахі і паспавядаўшыся са шчырым пакаяннем святару, пасланым яму Божым Провідам.
Валадаранне Хрыста заключаецца таксама ў абвяшчэнні Праўды, у накіраванні людзей да найвышэйшай Праўды, вызваляючы іх ад любой цемры памылкі і граху: «Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе» (Ян 18,37). Таму, калі мы хочам, каб Хрыстус валадарыў над намі, мы павінны адмовіцца ад граху і хлусні. Мы павінны вызнаваць праўдзівую веру, веру, перададзеную нам апосталамі, і якую ахоўвае Касцёл, а таксама павінны імкнуцца жыць паводле Евангелля, паводле маральных нормаў, якім непахісна навучае Касцёл. Не прымаць веру і вучэнне Касцёла, азначае адкідваць Праўду і аддаляцца ад Хрыста Валадара.
За такую веру, многія хрысціяне прынялі смерць, выбіраючы валадаранне Хрыста, а не рабства граху. Адным з такіх пакутнікаў быў благаслаўлёны Мігель Аўгустын Про, які праявіў найвышэйшую ступень сведчання аб вернасці Хрысту і Касцёлу падчас жудаснага пераследу, які пачаўся ў Мексіцы ў першай палове дваццатага стагоддзя. Ён быў святаром езуітам, і падчас пераследу аж да дня яго катавання таемна выконваў сваё святарскае служэнне сярод розных небяспек. На жаль, яго злавілі і зняволілі ў вязніцы, жорстка катавалі і ў канчатковым выніку прысудзілі да расстрэлу. Благаслаўлёны Мігель Аўгустын Про паміраў, гучна ўсклікваючы: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!», уваходзячы з гэтымі словамі ў Нябеснае Валадарства, падрыхтаванае для ўсіх, хто служыць верай і праўдай на гэтай зямлі Езусу Хрысту – вечнаму Валадару.
Сённяшняе Евангелле паказвае сапраўдны шлях да разумення сутнасці Валадарства Хрыста, якое істотна адрозніваецца ад валадарстваў гэтага свету. Бязмежная любоў, міласэрнасць, цярплівасць і лагоднасць характарызуюць нашага Нябеснага Валадара і ствараюць атмасферу Яго Валадарства. Без гэтых уласцівасцяў вялікія валадарствы і імперыі заняпалі, але Валадарства Хрыста існуе і будзе існаваць далей. Толькі любоў з’яўляецца ўстойлівым падмуркам кожнай цывілізацыі. Зямныя валадары ў войнах і рэвалюцыях пралілі шмат людской крыві, каб заваяваць свет. Хрыстус у сваёй «рэвалюцыі» таксама праліў кроў, але не чужую, а ўласную, і стварыў «імперыю» любові, Валадарства Хрыстова!
На жаль, сучасны чалавек, які жыве толькі сённяшнім днём, не можа да канца гэтага ўсвядоміць і зразумець. Вельмі часта людзі распараджаюцца сваім жыццём, пагарджаючы Божымі запаведзямі і Яго воляй. Нам усім трэба паклапаціцца пра тое, каб сучасны лад жыцця не пазбавіў нас абяцанай Богам, цудоўнай і збаўчай перспектывы вечнага прабывання ў Хрыстовым Валадарстве.
З вялікай любові да нас Езус устанавіў сакрамэнт пасвячэння, каб кожны святар, цэлебруючы Эўхарыстыю, выконваў істотную ролю ў справе збаўлення чалавецтва. Эўхарыстыя становіцца прыладай збаўлення настолькі часта, наколькі вялікая колькасць святароў яе цэлебруе. А гэта ў сваю чаргу дазваляе выразна ўсведамляць тое, да чаго мы пакліканыя — да вечнага жыцця ў Божым Валадарстве.
У нашай краіне фармацыя будучых святароў адбываецца ў Гродзенскай семінарыі — для семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій, а таксама ў Пінскай семінарыі — для семінарыстаў Пінскай дыяцэзіі. На сённяшні дзень у Гродзенскай семінарыі выхоўваюцца і навучаюцца 26 клерыкаў, а ў Пінскай — 12. Адказныя за фармацыю святары прыкладаюць максімум намаганняў, каб падрыхтаваць семінарыстаў да будучага служэння Богу і людзям, згодна з Божай воляй і патрэбамі нашых вернікаў.
Семінарыя выконвае сваю місію дзякуючы падтрымцы святароў, кансэкраваных асоб і дапамозе розных дабрачынных арганізацый, а таксама шматлікім ахвяраванням вернікаў з нашых парафій. Менавіта вы, вернікі, з’яўляецеся дабрачынцамі і сябрамі нашых дзвюх семінарый. Менавіта вы ствараеце трывалы скарб духоўных і матэрыяльных дабротаў. Традыцыйна ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, калі ахвяраванні прызначаюцца на ўтрыманне нашых семінарый у Беларусі, мы, біскупы, жадаем выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім вам, браты і сёстры, за дапамогу, якую вы аказваеце ў справе выхавання будучых святароў у нашай краіне.
Некалькі год таму Кангрэгацыя па справах Духавенства выдала ліст пад тытулам: «Эўхарыстычная адарацыя ў інтэнцыі святасці святароў і духоўнае мацярынства» (2007). Апісаныя ў ім напрамкі дзейнасці падкрэсліваюць вялікае значэнне пастаяннай малітвы ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Сярод шматлікіх прыкладаў, згаданых у дакуменце Кангрэгацыі, асаблівую ўвагу заслугоўвае гісторыя невялічкай мясцовасці Манферата, якая знаходзіцца на поўначы Італіі. У гэтай мясцовасці на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў нарадзіліся 323 пакліканні: 152 пакліканні да дыяцэзіяльнага і манаскага святарства, а таксама 171 пакліканне да кансэкраванага жыцця ў жаночых манаскіх супольнасцях. Можна задаць пытанне: у чым сакрэт такой вялікай колькасці пакліканняў? Адказ вельмі просты — у агульнай адказнасці душпастыраў і парафіянаў за пакліканні. Вернікі з гэтай парафіі на працягу тыдня рэгулярна збіраліся на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, просячы аб пакліканнях з іх сем’яў, а ў кожную нядзелю прымалі святую Камунію ў інтэнцыі пакліканняў і пасля Эўхарыстыі маліліся аб іх.
«Жняцоў на Божай ніве не магчыма проста знайсці, так як працадаўца шукае патрэбных людзей; яны заўсёды павінны быць вымалены ў Бога і Ім самім выбраныя для гэтага служэння», — піша папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэта».
Магчыма, і нам варта пераасэнсаваць сваю адказнасць за будучыню Касцёла ў Беларусі і прысвяціць Пану Богу больш часу на малітву, дбаючы пра пакліканне ў нашых парафіях і асабліва ў сем’ях. Бо, дзякуючы шматлікім і святым пакліканням да святарскага і манаскага жыцця, Валадарства Хрыста ў нашай Краіне будзе пашырацца і расці.
На справу падтрымкі нашых семінарый і малітву аб новых пакліканнях да святарства ад усяго сэрца благаслаўляем.
Віцебск, 15.11.2018 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць дадзены ліст на кожнай Святой Імшы ва Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Суствету 25 лістапада 2018 года.
Ліст ККББ на польскай мове.