Skip to main content

Прыміцыйная Імша кс. Рамана Вайцяховіча: трываць у любові да бліжняга і Бога

ks raman1018 лістапада ў сваёй роднай парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) новапасвячаны кс. Раман Вайцяховіч цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу.

На ўзнёслай урачыстасці сабраліся шматлікія блізкія прыміцыянта, яго сябры, знаёмыя і вернікі парафіі.

Традыцыйна ўрачыстасць пачалася ў сямейным доме прыміцыянта з благаслаўлення бацькоў, якое яны ўдзялілі свайму сыну на пачатку святарскай дарогі. Затым у парафіяльнай святыні кс. Вайцяховіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто падтрымліваў яго на шляху да Хрыстовага алтара.

Эўхарыстыя была вялікім перажываннем не толькі для самога святара, але і для яго сям’і, сяброў і парафіян.

ks raman24

З гаміліяй да ўсіх сабраных звярнуўся кс. Эдвард Сiнкевіч SCJ. Ён параўнаў святарства з гульнёй у футбол. Каб выйсці на поле, футбалісту трэба быць адпаведна падрыхтаваным. Таксама і каб выйсці на жніво Пана, трэба мець цесную сувязь з Хрыстом, які з’яўляецца крыніцай усялякай святасці, чаму павінен адпавядаць кожны работнік вінаградніку.

Неад’емнай постаццю ў гульні ў футбол, адзначыў кс. Сінкевіч, з’яўляецца трэнер. У жыцці ж гэты трэнер — Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар. Святарства —  гэта бесперапынная барацьба з праціўнікам — злым духам, якая выпрацоўвае ў святара трываласць у цнотах і любові да бліжняга і Бога.

На заканчэнне літургіі кс. Раман Вайцяховіч падзякаваў спачатку сваёй першай семінарыі — сям’і, выказаўшы найбольшую ўдзячнасць бацьку і маці.

Ён падзякаваў таксама парафіяльнай сям’і, ксяндзам сэрцанам, якія служаць у яго роднай парафіі, і семінарыйнай сям’і за братэрскае плячо. Ксёндз Вайцяховіч прасіў аб далейшым малітоўным спадарожнічанні і ўдзяліў усім прыміцыйнае благаслаўленне, а таксама ўручыў памятныя абразкі.

Андрэй Юхнік, семінарыст

Фота: Артур Вільнеўчыц, семінарыст