У апошні дзень восеньскіх канікул моладзь з парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) разам са сваім душпастырам кс. Андрэем Белаблоцкім наведала касцёлы Ваўкавыскага раёна.
Падарожжа пачалося малітвай у парафіяльнай капліцы, пасля чаго маладыя пілігрымы пабывалі ў святынях у Вярэйках, Шылавічах, Мсцібаве, Гнезне, Ваўкавыску і Зельве.
У касцёле ў Шылавічах пробашч кс. Марыян Хаменя CSMA разам з сёстрамі законнымі, якія служаць там, распавялі гісторыю святыні і паказалі падарожнікам парафіяльны дом. У Гнезне пробашч кс. Раман Ялоўчык пазнаёміў гасцей з гісторыяй касцёла св. Міхала Арханёла.
Моладзь была ўзрушана багатай гісторыяй прыгожай святыні. На заканчэнне візіту, вярнуўшыся ў Гродна, маладыя парафіяне наведалі старыя францішканскія могілкі, каб атрымаць поўны адпуст у актаву ўрачыстасці Усіх Святых.
Як адзначыў кс. Андрэй Белаблоцкі, адказны за душпастырства моладзі ў парафіі, мэтай пілігрымкі было найперш знаёмства з дыяцэзіяй, яе духоўным багаццем, багатай гісторыяй і культурай. Падарожжа адбылося ў межах “канікул з Богам”, якія праходзілі ў парафіі.
“У будучыні мы хочам арганізоўваць такія паездкі сістэматычна, не толькі для моладзі, але і для дарослых, паколькі аказваецца, што мала хто ведае багатую і прыгожую гісторыю касцёлаў на Гродзеншчыне”, – сказаў пробашч парафіі Святога Духа кс. канонік Павел Салабуда. Па словах святара, некаторыя парафіяне былі некалькі разоў у пілігрымках за мяжой, напрыклад, у Чэнстахове або іншых месцах Польшчы ці Еўропы, але ніколі не былі ў санктуарыях Гродзенскай дыяцэзіі, такіх, як у Тракелях ці Барунах.
“Таму мы хочам паказаць таксама маладым сем’ям парафіі багацце нашай зямлі, якім з’яўляюцца гістарычныя святыні”, – дадаў кс. Салабуда. Пробашч перакананы, што такія паездкі будуць спрыяць інтэграцыі вернікаў і стануць нагодай дакрануцца да вялікай культурнай і гістарычнай спадчыны.
JM