1 лістапада ў гродзенскую парафіяльную капліцу Найсвяцейшага Збавіцеля і Усіх Святых былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, расстраляных 1 жніўня 1941 года.
Урачыстае ўнясенне рэліквій ў святыню здзейсніў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На прывітанні сабраліся шматлікія парафіяне, манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, пробачш парафіі кс. Яўген Барысюк, кс. Ян Рушніцкі і кс. канонік Антоні Грэмза.
Перад распачаццем св. Імшы вернікі памаліліся Літаніяй да бл. сясцёр, пасля чаго мелі магчымасць паслухаць прэзентацыю пра ахвярнае жыццё і пакутніцкую смерць 11-ці назарэнатак.
Падчас св. Імшы, звяртаючыся да прысутных, біскуп Юзаф заклікаў да гарачай малітвы ў інтэнцыі хуткай кананізацыі сясцёр мучаніц.
“Не стамляйцеся прасіць Нябеснага Айца, каб неўзабаве благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка абвясцілі святымі. Тады ўвесь свет даведаецца пра моц веры ў Беларусі", - адзначыў іерарх.
Разам з тым ён заахвоціў вернікаў імкнуцца да святасці па прыкладзе сясцёр назарэтанак – праз сціпласць і прастату ў штодзённасці.
У першы дзень лістапада прыпадае таксама ўрачыстасць Усіх Святых. З гэтай нагоды сабраныя ў капліцы на старых Пабернардынскіх могілках ушанавалі заступнікаў сваёй парафіі.
“Сёння Касцёл ўзгадваем не толькі тых, чые імёны вынесены перад алтаром, але ўсе душы, якія сваім жыццём заслужылі вечнае шчасце ў Божым Валадарстве”, - адзначыў біскуп.
На заканчэнне ўрачыстасці іерарх удзяліў прысутным благаслаўленне рэліквіямі бл. сясцёр мучаніц. Пасля вернікі прайшлі жалобнай працэсіяй на могілках у інтэнцыі усіх тут пахаваных.
Ангеліна Марцішэўская