17 красавіка маладыя людзі горада Гродна і яго ваколіц сабраліся на Пабернардынскім узвышшы, дзе сумесна пачалі святкаванне Сусветных дзён моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ўзвышша было выключна запоўнена маладымі людзьмі з розных куткоў нашай дыяцэзіі. На пачатку малітвы кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч паблаславіў пальмы, а затым правёў працэсію да Катэдральнага касцёла праз цэнтральную плошчу нашага горада.
У гродзенскай катэдры была адпраўлена святая Імша на чале з біскупам. Падчас гаміліі іерарх падкрэсліў, што кожны малады чалавек павінен даваць сведчанне сваім жыццём, і заклікаў сабраных да глыбокага і духоўнага перажывання Вялікага тыдня. Кс. біскуп адзначыў, што ў цяперашні час малады чалавек, які заўсёды нешта шукае, павінен знайсці Хрыста, які чакае яго. Літургію упрыгожыў сваім спевам гурт клерыкаў ВДС у Гродна "Ave". На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Антоні Грэмза, адказны за моладзь у дыяцэзіі, нагадаў сабраным пра Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Воранаве, якія адбудуцца 6 - 8 мая. Таксама ён паведаміў сабраным, што з нашай дыяцэзіі на Сусветныя дні моладзі ў Мадрыдзе паедзе больш за 300 чалавек. У гэты дзень энтузіязм моладзі асаблівым чынам выражаўся ў прыгожых і высокіх пальмах, якія маладыя людзі зрабілі ў сваіх парафіях.