20 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшоў канцэрт з нагоды 40-й гадавіны абрання Яна Паўла II на пасад св. Пятра. На канцэрце сабраліся шматлікія жыхары Гродна і наваколля.
Рэлігійныя і народныя песні выканаў польскі гурт “Tekla Klebetnica”. Гурт, які складаецца з трох чалавек, быў запрошаны ў нашу краіну Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Беларусі і Польскім інстытутам у Мінску.
Выканаўцаў прадставіў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі. Ганна Чупрын грала на скрыпцы і спявала, Зыгмунт Чупрын граў на акардэоне, Станіслаў Дудэк – на кантрабасе.
Ксёндз канонік Ян Кучынскі падзякаваў артыстам за прыбыццё ў каралеўскі горад над Нёманам і за дар музыкі, якая была блізкая сэрцу святога Папы Яна Паўла ІІ, што здзейсніў рэарганізацыю касцёльных структур у Беларусі.
Канцэрт пачаўся ўлюбёнай песняй Яна Паўла ІІ “Barka”. Прагучалі таксама іншыя творы, якія часта напяваў Святы Айцец.
Назва гурта, заснаванага ў 2006 г., у перакладзе з сілезскага цешынскага дыялекту азначае “вясковая пляткарка”. Яго члены паходзяць з паўднёвай Польшчы, і натхненне фальклорам гэтага рэгіёну можна было чуць у музыцы, якую яны выканалі ў Гродне.
Падчас канцэрту была прадстаўлена праграма ў стылі folk-crossover – спалучэнне традыцыйнага польскага і гуральскага фальклору з элементамі цыганскай і балканскай музыкі, класікі і джазу.
Сустрэча з гэтай цудоўнай музыкай стала для сабраных добрай нагодай падзякаваць святому Яну Паўлу ІІ за яго нястомнае спадарожнічанне Гродзенскай дыяцэзіі, якую ён у 1991 г. паклікаў да існавання разам з яе першым ардынарыем біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
Kс. Юрый Марціновіч