Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных прайшла ў Барунах

baruny adpust 4515 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах прайшла адбпустовая ўрачыстасць, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Адпустовая ўрачыстасць кожны год збірае шмат людзей, якія хочуць аддаць Суцяшальніцы засмучаных усе штодзённыя клопаты. Сёлета на яе таксама прыбыло шматлікае духавенства і вернікі з усяго наваколля. Прысутнічалі, акрамя таго, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і вернікі грэка-каталіцкага абраду.

Група вернікаў у гэты дзень прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў адпустовую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто наведвае гэты санктуарый. Асабліва маліўся іерарх за вернікаў, якія былі ўзбагачаны дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці. “Мы прыбываем сёння ў Баруны з патрэбы нашага сэрца, каб Марыі, якая з’яўляецца нашай Суцяшальніцай, сказаць пра наша неспакойнае жыццё. Каб прасіць быць нашай Маці і весці нас да свайго Сына”, – адзначыў біскуп.

baruny adpust 26

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу, што Найсвяцейшая Панна Марыя схіляецца над кожным чалавекам, бо Яна Маці суцяшэння і ў Яе ёсць што сказаць кожнаму.

“Няхай Марыя будзе заўсёды з намі з благаслаўленнем Маці. Тады, калі згасае ў сэрцы ўсялякая надзея, няхай Яна пакажа нам ласкавае аблічча і накрые сваім мацярынскім плашчом”, – падсумаваў святар.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол гістарычнай святыні, каб такім чынам яшчэ раз засведчыць сваю прыналежнасць да Касцёла і жаданне заўсёды быць побач з Богам і будаваць з Ім жывыя адносіны.

Пробашч барунскай парафіі кс. Юрый Церабей падзякаваў усім за ўдзел і запэўніў, што ў гэтым асаблівым месцы, дзе шмат гадоў вернікі атрымліваюць ласкі ад Бога праз заступніцтва Панны Марыі Барунскай, памятаюць у малітве ўвесь Паўсюдны Касцёл і моляцца за яго духавенства.

Пасля набажэнстваў вернікі трывалі ў індывідуальнай малітве перад цудатворным абразом, давяраючы Маці Божай у цішыні сэрцаў свае справы.

Гісторыя абраза

Выява Маці Божай Барунскай нароўні з Тракельскай і Жыровіцкай адносілася да найбольш вядомых у Вялікім княстве Літоўскім. Першая згадка пра абраз сведчыць аб тым, што ён знаходзіўся ва ўласнасці а. Ёзафата Бражыца OSBM – праведнага і клапатлівага місіянера. Прадчуваючы блізкую смерць, святар перадаў яго сваяку Мікалаю Песляку і прасіў шанаваць абраз, але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню.

baruny adpust 55

У час цяжкай хваробы мужчыну аб’явілася Прыгожая Панна, якая сказала: “Чаму не дбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад вернага слугі Бражыца? Прагну, кааб людзі, якія просяць дапамогі ў Сына, атрымалі яе перад Маім абразом”.

Песляк дастаў са скрыні абраз. Калісьці прыгожы, ён быў занядбаны, выцвілы. Мужчыну апанавала невыносная роспач. Ён доўга маліўся, пакуль яго не ахапіла натхненне пабудаваць капліцу. У чарговым аб’яўленні Маці Божая паказала яму месца, дзе павінна быць узведзена святыня. Неўзабаве там быў усталяваны крыж, а на ім – абраз.

З першых дзён Найсвяцейшая Маці ўдзяляла людзям шматлікія ласкі, атачаючы іх нястомнай апекай. Убачыўшы, што прадказанне спраўджваецца, Песляк вырашыў пабудаваць на гэтым месцы драўляны касцёл. У 1692 годзе ўжо быў закладзены фундамент. Хутка абраз урачыста ўнеслі ў святыню.

Весткі аб цудах, атрыманых перад Барунскім абліччам Маці Божай, распаўсюджваліся на ўсе бакі свету. Толькі да 1712 года Брэсцкім біскупам, уніяцкім мітрапалітам Леонам Кішкам было зафіксавана 460 выпадкаў надзвычайных ласкаў, атрыманых перад абразом. Сярод іх – выратаванне жыцця, вызваленне ад дрэнных звычак, навяртанне з грахоў, аздараўленне канаючых і нават уваскрашэнне памерлых. Панна з абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.

JM