16 кастрычніка, у літургічны ўспамін айца рэдамптарыста св. Герарда Маеллы, у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне была асвечана яго фігура.
Св. Імшу цэлебраваў пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR разам з а. Юзафам Гэнзам CSsR і а. Эдвардам Пяцельчыцам CSsR. Гамілію да прысутных прамовіў а. Валерый Мазюк CSsR. На працягу 3-ох папярэдніх дзён святар знаёміў вернікаў з культам святога, распавядаў неверагодныя гісторыі з жыцця вялікага харызматыка. "Ён пражыў толькі 29 гадоў, але за гэты час змог пакарыць вяршыні святасці. Св. Герард жыў з Хрыстом, для Хрыста і ў Хрысце, да чаго і вас усіх заклікаю", – падкрэсліў а. Валерый.
Герард Маелла нарадзіўся ў 1726 годзе на поўдні Італіі ў беднай набожнай сям'і. Ва ўзросце 14-ці гадоў хацеў уступіць у ордэн айцоў капуцынаў, але не быў прыняты з-за дрэннага стану здароўя. Паказваючы вялікую ўстойлівасць і жаданне цалкам прысвяціць сябе Богу, праз 9 гадоў быў прыняты братам-манахам у ордэн айцоў рэдэмптарыстаў. Валодаў дарам ацалення і дарам прароцтва. З'яўляецца заступнікам добрай споведзі, а таксама апекуном сем'яў, якія прагнуць мець патомства, і маці, што знаходзяцца ў бласлаўлёным стане.
Напрыканцы св. Імшы пробашч удзяліў жанчынам, якія носяць пад сэрцам дзіця, індывідуальнае бласлаўленне, аддаўшы іх пад апеку св. Герарда.
Пазней фігура будзе ўсталявана ў бакавым алтары касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Ангеліна Пакачайла