14 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў гістарычны касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Новадзявяткавічах на Слонімшчыне. Наведванне касцёла мела месца падчас кананічнай візітацыі Слонімскага дэканату.
У касцёле іерарх сустрэўся з чатырма мясцовымі актывістамі, якія пазнаёмілі яго з гісторыяй аграгарадка і багатай гісторыяй святыні, якой патрэбны грунтоўны рамонт і якую атачае вялікім клопатам група парафіян. Што вельмі здзіўляе, пра касцёл клапоцяцца не толькі католікі, але і праваслаўныя, і людзі добрай волі, якім важна, каб святыня была захавана ад знішчэння.
Багатая і трагічная гісторыя
Mясцовы гісторык Таццяна Ракуць пазнаёміла біскупа з гісторыяй касцёла, які быў пабудаваны ў 1786 г. і ў які ўклаў частку сваёй спадчыны Тадэвуш Слізень. Аб гэтым сведчыць надпіс на камні на апсідзе касцёла. Сафія Чацвярцінская-Слізень таксама ўнесла немалыя сродкі на будаўніцтва святыні. Дата завяршэння будаўніцтва стаіць на камні каля званіцы: “Сафія Чацв. Падкаморніца Слонімская, 1790 г.”.
Касцёл быў пабудаваны ў барочна-класічным стылі прыдворным архітэктарам Антоніо Кжэкзоцці, багата дэкараваны, распісваў яго знакаміты мастак Фелікс Кашубскі, а абразы для касцёла маляваў Павел Фрыкшодэр.
Палац графаў Слізняў і касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла размешчаны на восевай лініі і ўяўлялі сабой цудоўны палацава-паркавы комплекс, які злучала ліпавая алея.
Затым святыня перажыла бурлівую гісторыю. Падчас паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага валадар Дзевятковічаў граф Альфрэд Слізень працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі ў Пецярбургу, а яго даверанай асобай тут быў кс. Васілеўскі, які падтрымліваў паўстанцаў і “прымаў і адпраўляў банды мяцежнікаў”. Гэта стала адной з прычын канфіскацыі касцёла і яго пераробкі затым у праваслаўную царкву.
Перабудова касцёла ў царкву вялася з 1867 па 1872 год пад кіраўніцтвам слонімскага архітэктара Ціхвінскага. Царква захавала свой былы тытул свв. апосталаў Пятра і Паўла.
У 1867 г. маёмасць касцёла была часткова перададзена ў ружанскі і косаўскі касцёлы. Сёння ў ружанскай святыні захоўваецца купель, падораная касцёлу Сафіяй Чацвярцінскай-Слізень. Купель і металічная агароджа былі выраблены Феліксам Кашубскім. Табэрнакулюм, дэкараваны разьбой, таксама захоўваецца ў ружанскім касцёле.
Асноўную працу па напісанні абразоў у касцёле таго часу выконваў прыдворны мастак Аляксандра Сапегі з Ружанаў Павел Фрыкшодэр (1728–1792). 14 абразоў, якія сёння знаходзяцца ў ружанскім касцёле, адлюстроўваюць самыя трагічныя моманты зямнога жыцця Хрыста.
Пасля закрыцця касцёла цудатворны абраз Маці Божай Пясковай, які таксама быў у святыні, перадалі ў царкву ў в. Старадзявяткавічы. Гэты абраз быў каранаваны ў 1795 г. Сёння карона абраза знаходзіцца ў прыватным музеі слонімскіх калекцыянераў Анішчыкаў. Падчас расчысткі касцёла ад смецця ў 1993 г. яна была вывезена ў кар’ер, дзе яе знайшлі бамжы.
Найбольш трагічным момантам для касцёла стала эпоха сацыялізму. У 1939 г. у сувязі з прыходам Чырвонай Арсіі і ўстанаўленнем Савецкай улады святыня была зачынена.
У ліпені 1944 г. будынак касцёла быў падпалены. Драбіны нагрузілі саломай і завезлі ў святыню. Затым алтар абклалі саломай і падпалілі. Пажар тлеў каля тыдня, пакуль не выгарэлі ўсе драўляныя канструкцыі.
У 1950 г. святыня была ператворана ў склад для захавання мінеральных угнаенняў. Каштоўны помнік архітэктуры з багатым гістарычным мінулым прыйшоў у поўны заняпад. Нават каменная агароджа была разабрана для будаўніцтва фундаменту фермы.
У 1990 г. святыня была перададзена мясцовай каталіцкай парафіі. У чарговым аднаўленні шматпакутнага касцёла прымалі ўдзел як католікі, так і праваслаўныя. Актыўна ўдзельнічаў у гэтай справе а. Вітольд Жэльветра OFMcap.
Сёння касцёл наведваюць жыхары аграгарадка, пілігрымы і турысты, якія хочуць дакрануцца тут да гісторыі і аднавіць у сабе прагненне Бога.
Kс. Юрый Марціновіч