13 кастрычніка ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылася св. Імша ў інтэнцыі памерлых пацыентаў аддзяленняў Хоспіс. У святыні сабраліся сем'і спачылых, а таксама супрацоўнікі і валанцёры “Цэнтра Дапамогі Жыццю” - арганізатары малітвы. Св. Імша была прымеркавана да Міжнароднага дня хоспіснай і паліятыўнай дапамогі, які традыцыйна адзначаецца ў другую суботу кастрычніка.
"Нягледзячы на тое, што родныя спачылых жывуць далёка адзін ад аднаго, яны сустрэліся разам у гэты день. І гэта вельмі важна: крок за крокам яны будуць адпускаць боль страты і з дапамогай малітвы ізноў вернуцца да звычайнага ладу жыцця – дзеля тых, хто адышоў. Дзякуючы малітве, мы таксама прымаем удзел у выратаванні душаў тых, хто не змог пераадолець хваробу і адышоў у жыццё вечнае”, - адзначыў Алег Гарбачоў, дырэктар Цэнтра.
Супрацоўнікі і валанцёры “Цэнтра Дапамогі Жыццю” выказваюць падзяку пробашчу фарнага касцёла за падтрымку ініцыятывы правядзення Дня памяці і кс. Паўлу Безляповічу за цэлебрацыю св. Імшы.
У гэты дзень памятнае набажэнства адбылося і ў праваслаўным храме ў гонар Нараджэння Хрыстова.
АМ