14 кастрычніка адбылася кананічная візітацыя парафіі Св. Андрэя, апостала, у Слоніме. З пастырскім візітам у парафію прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каб сустрэцца з вернікамі гэтай супольнасці і з іх душпастырамі – капуцынамі.
Свой візіт у парафію біскуп пачаў з наведвання сясцёр Трэцяга рэгулярнага ордэну св. Францішка Асізскага (бернардынак). Пасля супольнай малітвы ў манаскай капліцы іерарх накіраваўся ў парафіяльную святыню, дзе ўзначаліў Імшу.
У касцёле біскупа прывіталі парафіяне і пробашч а. Віталій Юркевіч OFMcap. Святар прадставіў духоўна-матэрыяльны нарыс жыцця парафіі і распавёў пра людзей, якія яе ўтвараюць. Ён падкрэсліў, што ў парафіі вельмі жывы культ Маці Божай Жыровіцкай, абраз якой змешчаны ў галоўным алтары.
Айцец Юркевіч адзначыў, што парафія з кожным годам развіваецца, доказам чаго з’яўляецца павелічэнне колькасці дзяцей і моладзі, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у катэхетычных занятках, літургчнай службе алтара і музычнай школе, а таксама скаўтаў.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да вернікаў, падкрэсліў важнасць будавання блізкіх адносін з Богам і перадачы веры наступным пакаленням. Ён падзякаваў парафіянам за іх веру і любоў да Касцёла і Бога.
Вернікі ў словах на заканчэнне Імшы запэўнілі, што кожны дзень будуць прыкладваць шмат старанняў, каб быць сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста ў кожным месцы і ў кожны час.
Парафія ў Слоніме вельмі дынамічная і жывая, пра што сведчыць, напрыклад, актыўны ўдзел моладзі ў падрыхтоўцы літургіі. Яна налічвае больш за 600 чалавек, якія ўваходзяць таксама ў розныя малітоўныя групы і рэлігійныя рухі, што дзейнічаюць пры парафіі.
Kс. Юрый Марціновіч